Таварыш Цзы

Забіць яго, як пацука, што перабягае вуліцу! Так заклікалі абысьціся зь ім кітайскія хунвэйбіны. Сам «пацук» адно толькі хітра пасьміхаўся з гравюраў і малюнкаў у старых кнігах. Ён нарадзіўся так даўно, як ня сьнілася ні Мао, ні ягоным чырвонагвардзейцам, і быў кандыдатам у Палітбюро самой вечнасьці — і скінуць яго адтуль аказалася не пад сілу ні камуністам, ні імпэрыялістам. Прыкладна 28 верасьня 551 году да нашай і іхнай эры каля Цюйфу ў Кітаі нарадзіўся Кун-цзы, ён жа Кун-Фу, Каратэ, У Шу і Тхэквандо усходняй філязофіі — карацей, Канфуцый.

Калі гэта і рэлігія — дык хай бы ўсе рэлігіі былі такія рацыянальныя. Калі гэта філязофія — дык кожнай філязофіі б такі сьпіс усемагутных нябожчыкаў. Канфуцый — гэта рытуалы і музыка. Прыгожа: эстэтыка і тут задае тон для этыкі. І ніхто не пачуваецца прыніжаным — ну ня можа ж жаба імкнуцца зрабіцца такой самай, як ружа. І жаба, і ружа аднолькава важныя: і абедзьве гэта разумеюць. У Канфуцыя ўсё расьпісана: каму дзе сьвяціць вабнотамі. На дзікунскі эўрапейскі погляд, гэта наагул — філязофія герархіяў, кожны ведае сваё месца: калі ў кепскім кажусе, не садзіся на куце. Толькі так дасягаецца яна, мара кожнага мудраца, кожнага музыкі і кожнага прыдворнага цырымоніймайстра — гармонія. За палкі ў колы якой і па руках атрымаць можна.

Цікава, што Канфуцый не на апошняе месца ставіў гармонію мовы: словы мусяць дакладна адлюстроўваць сэнс рэчаў, вучыў ён, дык калі ты Ўладар, паклапаціся найперш пра шыльды і слоўнікі. А то што атрымліваецца: на пуні напісана адно, а ўсярэдзіне ўсё роўна сена ды салома... Што й казаць, добры кіраўнік-канфуцыянец ніколі не дапусьціў бы, каб у ягоным гаспадарстве галоўны пляц быў Незалежнасьці, а станцыя мэтро пад ім называлася «Плошча Леніна».

Хунвэйбіны маглі казаць, што заўгодна — відаць, вучэньне Канфуцыя ня з тых, ад якіх кітаец можа пазбавіцца шляхам простай хірургічнай апэрацыі. Прынамсі, што да падпарадкаваньня, дык самі гвардзейцы кардынала Мао былі адносна яго поўныя канфуцыянцы і ўладара шанавалі ў адпаведнасьці з запаветамі: самааддана і без сумневаў. Трохі складаней было з шанаваньнем бацькоў і старэйшых — але тут Мао і сам спалохаўся, разабраўся і з часам навучыў сваіх разьюшаных камсамольцаў розуму. За ягонымі часамі нікуды ня зьніклі ні абавязковая канфуцыянская цырыманіяльнасьць, ні пакланеньне Доўгу, ні Вялікае Яднаньне грамадзтва, ні ўяўленьне пра народ як пра тупую масу, якая ніколі не дасягне вяршыняў Духу і Веды. З такімі можна толькі скакаць — праз стагодзьдзі...

З чым сапраўды ўзьніклі праблемы, дык гэта з гуманнасьцю. Канфуцый наказваў кожнаму ўладару абыходзіцца з масамі як зь дзецьмі дурнымі — настаўляць, лашчыць і клапаціцца пра іх. Мао стараўся як мог — а трупаў менш не рабілася... Дрэнны быў вучань. Зусім ня Фу і ўжо дакладна ня Цзы.