Лепшы бок Эўропы
Лёгкасьць вядзеньня бізнэсу. У 2013 годзе Ўкраіна заняла 137 месца ў рэйтынгу Ўсясьветнага банку па лёгкасьці вядзеньня бізнэсу. Суседняя Славакія – 46 месца, Швэцыя – на 13 пазыцыі. Сам працэс вядзеньня бізнэсу вельмі часта стрымліваецца перашкодамі, якія ствараюць дзяржаўныя органы.
Абсалютная герархія. Ва ўкраінскіх рэаліях яна пануе. Ці ня кожны начальнік мае сябе за цара, а падначаленага за нявольніка. Калі ва Ўкраіне падначалены – бяспраўны, то ў ЭЗ працоўныя стасункі рэглямэнтаваныя законамі.
Узровень недаверу паміж людзьмі. Ва Ўкраіне людзі схільныя давяраць толькі блізкім людзям – сваякам і найлепшым сябрам. Увесь час усе напагатове, што нехта можа падмануць. Узровень даверу між людзьмі і ўзровень дабрабыту – рэчы ўзаемазьвязаныя. Чым ніжэйшы ўзровень забясьпечанасьці– тым ніжэйшы ўзровень даверу. У эўрапейскіх краінах узровень жыцьця вышэйшы – і значна больш высокі ўзровень пэрсанальнага даверу.
Паліцыя з народам? Толькі 29% украінцаў давяраюць праваахоўным органам. У Аўстрыі, Нямеччыне і Фінляндыі гэты паказьнік – 85%.
Дзяленьне на VIP і ня-VIP. Савецкая ўраўнілаўка вылілася ў нездаровае жаданьне вылучыцца любой цаной. У эўрапейскіх краінах няма вострай неабходнасьці самасьцьвярджацца праз "статутныя рэчы" – дастаткова таленту, прафэсіяналізму і пад.
Як могуць рэалізаваць сябе жанчыны? Украінскім жанчынам складана трапіць на вышэйшыя прыступкі ўлады. У Фінляндыі жанчыны займаюць 63% пасадаў ва ўрадзе, у Даніі – 42%, у Польшчы – 28%, ва Ўкраіне – усяго 4%. Ва Ўкраіне жанчыны ў сярэднім атрымліваюць менш за мужчын на 30%. Па ЭЗ гэты адрыў складае 16%.
Неталерантнасьць. Яе праявы ва Ўкраіне назіраюцца даволі часта. Толькі 36% украінцаў гатовыя аддаць свой голас за габрэя як кандыдата на прэзыдэнта, за цемнаскурага – толькі 18%.
Працягласьць жыцьця. Сярэдні паказчык працягласьці жыцьця ў краінах ЭЗ – 77 гадоў (мужчыны) і 83 гады (жанчыны). Ва Ўкраіне працягласьць жыцьця мужчын складае 68 гадоў, жанчын – 72 гады.
Забясьпечаная старасьць. Эўрапейскі Зьвяз на першым месцы ў сьвеце па выдзяленьні сродкаў на сацыяльную абарону сваіх грамадзян – 30% ад ВУП. Ва Ўкраіне гэта толькі 8%.
Дзе лечаць лепш? Толькі 18% украінцаў задаволеныя якасьцю мэдыцынскага абслугоўваньня. У краінах ЭЗ – каля 29%, а ў Аўстрыі, Вялікай Брытаніі, Нямеччыне і Швэцыі – больш за 90%.
Чыстая вада! Толькі 42% жыхароў Украіны задаволеныя якасьцю пітной вады. У краінах ЭЗ гэты паказьнік вагаецца ад 61% (Баўгарыя) да 96% (Аўстрыя, Вялікая Брытанія, Нямеччына, Швайцарыя, Швэцыя).
Ахова навакольнага асяродзьдзя. Ва Ўкраіне не заўсёды могуць абараніць лес ад незаконнай высечкі. У ЭЗ прыкладаюць максымальныя намаганьні, каб лясныя пасадкі не зьнікалі з-за праблемаў, зьвязаных са зьмяненьнем клімату.
Спорт – гэта здароўе. У ЭЗ сучасныя і даступныя спартыўныя клюбы нават у невялікіх мястэчках – хутчэй правіла, чым выключэньне. 66% украінцаў заяўляюць, што ўвогуле не займаюцца спортам, бо не хапае вольнага часу, хоць і хацелася б.
Страх перад інавацыямі і рэформамі. Украінцы ў пераважнай большасьці баяцца пераменаў, рэформаў і інавацыяў. Эўрапейскі прагрэс трымаецца на інавацыях. У ЭЗ на дасьледаваньні і інавацыі штогод выдаткоўваецца прыкладна 7 млрд эўра.
Як працуюць суды? 70% насельніцтва Ўкраіны нэгатыўна ацэньваюць працу судоў і лічаць, што судовая ўлада залежыць ад палітыкі. Украіна займае пятае месца ў Эўропе па колькасьці скаргаў, якія знаходзяцца на разглядзе ў Эўрапейскім судзе па правах чалавека.