Зялёны дзень календара

Ад Мэкі Мэдыну аддзяляюць больш за трыста кілямэтраў. Перасяліцца з адной у другую — гэта, вядома, не з Варанянскага на Гінтаўта пераехаць, хаця, па вялікім рахунку, адлегласьць ня надта каб жудасная. Ды гэта цяпер паломнікі карыстаюцца ўсімі перавагамі чыгуначнага транспарту — у 622 годзе, калі адбылася тая гіджра, дарога з Мэкі ў Мэдыну ўяўляла сабой цяжкі і поўны небясьпекі шлях, якому можна было прысьвяціць усё жыцьцё. Або на вякі зьмяніць гэтым шляхам жыцьці іншых.

12 дня месяца рабі-уль-аваль году гіджры, а інакш кажучы 24 верасьня 622 году былы жыхар Мэкі Мухамад, ён жа

Абуль-Касым Мухамад ібн ‘Абдуллаг ібн Абд аль-Муталіб (Шэйба) ібн Хашым (Амр) ібн Абд Манаф (аль-Мугіра) ібн Кусай ібн Кілаб ібн Мура ібн Кааб ібн Луай ібн Галіб ібн Фахр ібн Малік ібн ан-Надр ібн Кінана ібн Хузайма ібн Мудрыка (Амір) ібн Ільяс ібн Мудар ібн Нізар ібн Мад ібн Аднан ібн Удад ібн Мукавім ібн Нахур ібн Тайрах ібн Яруб ібн Яшджуб ібн Набіт ібн Ісмаіл ібн Ібрагім ібн Азар (Тарых) ібн Тахур ібн Саруг ібн Шаліх ібн Арфхашад ібн Сам ібн Нух ібн Ламік ібн Муту Шалх ібн Ахнух (Ідрыс) ібн Ярад ібн Махлаіл ібн Кайнан ібн Ануш ібн Шыс ібн Адам

дасягнуў Мэдыны і пасяліўся ў доме Абу Аюба Аль-Ансары. Зь некаторымі мэдынцамі Прарок быў ужо знаёмы: два гады перад тым ён сустрэў іх у мястэчку Акаба і яны, пагаварыўшы з Мухамадам, прынялі іслам. Так што Мухамаду было куды перасяляцца з сваёй Мэкі. З гораду, дзе ўлада была ў руках паганцаў. Якія апошнім часам, сустракаючы Мухамада на вуліцах, усё часьцей падымалі пытаньне пра тое, што «а ці не забіць нам гэтага ісламіста».

Таму ён і вырашыў сысьці — разам зь не такімі ўжо шматлікімі прыхільнікамі. Таксама ў нейкім сэнсе эмігрант. Усе вялікія рэлігіі пачынаюцца з перасяленьня.

Не пасьпеў Мухамад пасяліцца ў Мэдыне, як там адразу ж пачаліся розныя пераўтварэньні: ужо ў тым самым месяцы пачалі будаваць Мячэць Прарока, а таксама ўсталявалі азан. У наступным годзе Прарок паказвае прыхільнікам, як трымаць пост, яшчэ праз год жэніцца з Аішай (хай будзе задаволены ёй Алаг) і выдае замуж дачку... І гэта — толькі некаторыя з цэлай чарады розных важных падзеяў, якія адбыліся ў той час.

Адсюль, з Мэдыны, па сьвеце пашырыўся іслам. Сюды, у Мэдыну, да Мухамада, як да Леніна, прыходзілі асобныя хадакі, групы таварышаў і цэлыя дэлегацыі ад суседніх плямёнаў і кланаў — а сыходзілі дамоў мусульманамі. Сюды прыходзілі яўрэі і нават хрысьціяне (праўда, тутэйшыя, дзіўныя, з такімі б маскоўскі патрыярх у адзін бэнтлі ня сеў) — каб дамовіцца пра падзел сфэраў уплыву і паглядзець, што па чым. Адсюль, з Мэдыны, Прарок разаслаў паслоў добрай волі па ўсіх найбліжэйшых краях, адсюль ён прызначаў кіраўнікоў у розныя, ужо навернутыя ў ісьцінную веру мясьціны.

Што да Мэкі, дык у 630 годзе, усяго праз восем гадоў пасьля гіджры, дзесяцітысячнае мусульманскае войска ўзяла яе штурмам. Праўда, там амаль не супраціўляліся — большасьць у душы даўно перайшла на бок Мухамада. Сам Прарок прыехаў сюды на вярблюдзе і ўвесь вечар займаўся тым, што ламаў паганскія статуэткі, памятныя яму, напэўна, яшчэ з 622-га.

Цяпер модна пісаць пра «ісламізацыю» Эўропы. Як быццам уся Эўропа заўжды была выключна хрысьціянскай. Як быццам сярэдні эўрапеец нешта ведае пра іслам. Як быццам дарога з Мэкі ў Мэдыну мусіць абавязкова весьці на Галготу. Між тым, магчыма, менавіта тая «ісламізацыя» прымусіць нарэшце Эўропу пацікавіцца іншымі рэлігіямі — або ўжо прымусіла: цяжка не пацікавіцца, калі, напрыклад, у правінцыйным нямецкім Дзюрэне заклік мусульманаў да малітвы чуваць ва ўсім горадзе. Напэўна, толькі няведаньне і нежаданьне ведаць пра іншых спараджаюць нянавісьць. «Але што, калі мы ня хочам ведаць?» — кажуць яны; што ж, сьвет цяпер такі, што жыцьцё ў ім трохі зьмянілася ў параўнаньні з 1917 годам, ведаць трэба, варта і можна шмат, было б жаданьне, а няма, дык не наракай на яйцы.

А, ну так, ёсьць жа яшчэ палітыка і палітыкі... Але і яны, відаць, усяго толькі плён нечага няведаньня і яго прыкрае наступства.