Пачаліся затрыманьні дэлегатаў устаноўчай канфэрэнцыі новай апазыцыйнай кааліцыі

Міліцэйская эстафэта ў Менску

Раніцай 22 верасьня па шляху ў Менск дзяржаўтаінспэктары ўпраўленьня
ўнутраных спраў Гомельскага аблвыканкаму затрымалі мікрааўтобус з 8 дэлегатамі Аб’яднанай грамадзянскай партыі, партыі левых «Справядлівы сьвет», Сацыял-дэмакратычнай партыі «Народная грамада», Маладога фронту ды некаторых іншых грамадзкіх структураў рэгіёну. Усе яны кіраваліся у сталіцу, каб узяць удзел у рэспубліканскай канфэрэнцыі па стварэньні агульнанацыянальнай кааліцыі «За справядлівыя выбары для лепшага жыцьця «Талака».


Рэгіянальны кіраўнік абласной арганізацыі «Справядлівага сьвету» Ўладзімер Сякерка паведаміў, што аўтаінспэктары спынілі мікрааўтобус у вёсцы Старакраснае, за 18 кілямэтраў ад Рэчыцы. Маёр абласной дзяржаўтаінспэкцыі Ігар Лапаткін і яшчэ двое афіцэраў праверылі дакумэнты ў кіроўцы, а таксчама мікрааўтобус і загадалі ехаць у Рэчыцкі райаддзел міліцыі.

Па словах кіраўцы Мікалая, аўтаінспэктары сталі спачатку гаварыць пра парушэньне хуткаснага рэжыму, затым пра няздадзеныя ім адбіткі пальцаў, потым пра дарожнае здарэньне з удзелам падобнага мікрааўтобуса. І ўрэшце прад’явілі прэтэнзіі да таблічкі з нумарам кузава, прымацаванай пад капотам дзьвюма рознымі заклёпкамі.

«Няма сумненьня, што ў інспэктараў быў загад спыніць нас любым чынам, каб мы спазьніліся ў Менск на канфэрэнцыю. Таму й затрымалі мікрааўтобус», — лічыць Ўладзімер Сякерка.

Кіроўца з мікрааўтобусам застаўся ў Рэчыцкай міліцыі, а дэлегаты выправіліся на аўтобусную станцыю, каб ехаць у Менск грамадзкім транспартам.