«Мова ці кава» ў Маскве: мінімум атрыбутаў, максымум зьместу

Выкладчык курсаў Васіль Дранько-Майсюк і дырэктарка кавярні Дар’я Касавец

У Маскве пасьля летніх вакацыяў аднаўляюцца курсы беларускай мовы «Мова ці кава».
Пра адметнасьці сёлетняга сэзону — ініцыятарка праекту, карэспандэнтка Першага расейскага тэлеканалу, рэжысэрка дакумэнтальнага фільма «Беларуская мара», прысьвечанага падзеям сьнежня 2010 году, Кацярына Кібальчыч.

Аналягічныя курсы ў Менску стартавалі на пачатку гэтага тыдня і будуць праходзіць кожны панядзелак у галерэі «Ў». У Маскве сустрэчы аматараў беларускай мовы плянуецца ладзіць па аўторках, а 20-й гадзіне. Першыя пасьля лета заняткі — 24 верасьня. Як кажа Кацярына Кібальчыч, на якой па-ранейшаму ўвесь арганізацыйны і фінансавы цяжар, гэтым разам маскоўская «Мова ці кава» зьмяняе пункт прыпіскі:

«У нас будзе новае месца — не „Старбакс“, дзе мы раней зьбіраліся, а кавярня, якая называецца „ОГИ у Мейерхольда“. Увогуле цэнтар Мэерхольда — гэта тэатар, пры якім некалі была тэатральная кавярня, якую ўрэшце перарабілі ў „ОГИ“. Каб беларусам было больш зразумела, гэта штосьці накшталт менскай галерэі „Ў“. „ОГИ“ — гэта і выдавецтва, гэта і галерэя, і пляцоўка для нейкіх канцэртаў. А самае адметнае, што ня мы ўжо да іх прасіліся, а яны самі нам прапанавалі свае паслугі. То бок даведаліся пра курсы і прапанавалі пераехаць да іх. Адразу скажу, што гэта будзе вельмі зручна: па-першае, нас будуць заўсёды рады бачыць і будуць чакаць, па-другое, можна зрабіць штосьці большае за курсы».

На лягічнае пытаньне — адкуль такая зацікаўленасьць з боку адміністрацыі ўстановы да шчырых беларусаў — Кацярына Кібальчыч патлумачыла:

Кацярына Кібальчыч


«Чаму мы туды пераехалі? Увогуле гэта ўсё дзякуючы „беларускай мафіі“. Дзяўчыну, якая працуе дырэктаркай гэтай кавярні, завуць Дар’я Касавец, яна беларуска, якая, праўда, нарадзілася ў Варкуце. Калі мы з нашым выкладчыкам Васілём Драньком-Майсюком пачалі зь ёй размаўляць па-беларуску, яна адразу папярэдзіла: ой, па-беларуску гавару дрэнна, бо ніколі толкам не размаўляла, не жыла ў Беларусі. Але як пачала, то аказалася, што даволі чыста гаворыць на беларускай мове! Цяпер у нас усе стасункі з адміністрацыяй кавярні толькі па-беларуску. І мне здаецца, Дашы таксама вельмі прыемна, што яна размаўляе на мове. Вядома, супрацоўнікі на яе са зьдзіўленьнем пазіраюць: ведалі як начальніцу, а тут такое адкрыцьцё».

Як кажа Кацярына, зь пераездам у новае памяшканьне магчымасьці і выкладчыкаў, і «студэнтаў» істотна пашырацца:

«Заля разьлічаная на вялікую колькасьць людзей, думаю, ня будзе праблемы нават з дадатковымі крэсламі, калі яны спатрэбяцца. Акрамя таго, пры гэтай кавярні ёсьць сцэна, і якраз па аўторках там звычайна няма спэктакляў. Таму нам сказалі, што мы нават на гэтую сцэну можам разьлічваць. То бок калі захочам зрабіць нейкі кінапрагляд альбо нават прывезьці тэатар, сьпевакоў, каб зладзіць канцэрт, то калі ласка, ніякіх праблемаў. Дарэчы, што нас зьдзівіла, — яны самі прапанавалі: можа, мы прывязём Хадановіча, можа, арганізуем выступ „Свабоднага тэатру“, які ў Беларусі забаронены. Ці хочам мы ўвогуле ў гэтым паўдзельнічаць? Вядома, мы хочам і будзем удзельнічаць, але на тым узроўні, што зможам аб’яднаць заняткі з такога кшталту мерапрыемствам».

Падчас курсаў першага сэзону


Кацярына Кібальчыч разьлічвае зрабіць пляцоўку «Ў Мэерхольда» самым папулярным месцам збору людзей, адданых беларускай ідэі. І хоць у Маскве ўжо досыць шмат устаноў, якія прапануюць «адкрыць для сябе Беларусь зь яе сапраўдным нацыянальным калярытам», найчасьцей гэта банальная «лубачнасьць»:

«Гаспадары нават запыталіся: ці хочам мы, каб былі дранікі ў мэню? Я адказала — „не“. Для мяне прынцыпова важна, каб гэта было беларускае месца, а ня тое, што, ведаеце, як у маскоўскіх беларускіх рэстарацыях: дранікі, „Крамбамбуля“, „Славянскі базар“ і „Песьняры“ фонам, ці стаяць сланечнікі, якія насамрэч у нас нават не высьпяваюць. Але рэальна беларускага там нічога няма, няма беларускага духу. А тут я хачу, каб гэта было беларускае месца не з-за нейкіх зьнешніх атрыбутаў, а таму, што там зьбіраюцца сапраўдныя беларусы».

Днямі ў Маскву выпраўляюцца некалькі кніжак з сэрыі «Бібліятэка Свабоды» — Кацярына прызнаецца, што ў яе вялікія пляны наконт задзейнічаньня такога магутнага інструмэнту, як друкаванае слова:
Я хачу, каб гэта было беларускае месца не з-за нейкіх зьнешніх атрыбутаў, а таму, што там зьбіраюцца сапраўдныя беларусы

«Мы хочам падпісацца, каб туды прыходзілі беларускія газэты, а ня недзе тут надрукаваныя. Хочам, каб была асобная палічка зь беларускімі кнігамі. Увогуле, „ОГИ“ — гэта кавярня, дзе паўсюль стаяць палічкі з кнігамі. Дык вось адна з гэтых палічак зарэзэрваваная менавіта для беларускіх кніжак. Мы прапануем студэнтам, каб кожны зь іх прынёс кнігу — ня тую, якой не шкада, а наадварот, якую-небудзь лепшую кнігу, якая спадабалася. Да таго ж кожны зможа яе падпісаць, і гэта будзе штосьці накшталт такога праекту, як book exchange, калі ты прыносіш кнігу і пакідаеш, а забіраеш іншую. У нашым выпадку будзе як бібліятэка: ты ўзяў кнігу, але ня проста яе чытаеш, а ведаеш, ад каго яна. Ну, напрыклад, я, Кацярына Кібальчыч, прынесла томік Караткевіча. Напісала, што гэта мая кніжка, і літаральна некалькі радкоў, чым яна мне спадабалася. Яе ўзяў, скажам, Ігар Карней, журналіст Радыё Свабода. Такім чынам, можна ня толькі з Караткевічам пазнаёміцца, але і са мной таксама. Я прыдумала такі праект і, наколькі ведаю, сёньня такога яшчэ нідзе няма. У Менску таксама хацелася б такое зрабіць у галерэі „Ў“, але пра гэта размова з адміністрацыяй яшчэ не вялася. Вось такія ідэі».

Неўзабаве на гэтых палічках зьявяцца беларускія кніжкі


Пад канец размовы Кацярына Кібальчыч кажа, што было б вельмі добра, каб адарваныя з розных прычын ад радзімы беларусы мелі магчымасьць сустракацца на курсах з выбітнымі прадстаўнікамі навукі, культуры, мастацтва, спорту — самых розных галін дзейнасьці. Але паколькі ўвесь фінансавы цяжар праекту кладзецца на яе адну, быць вечным мэцэнатам досыць складана:

«Я б вельмі хацела запрашаць людзей зь Беларусі, але для гэтага трэба мець нейкі бюджэт. А ў нас сытуацыя такая, што курсы па-ранейшаму фінансую толькі я, і ў такім разе мне самой давядзецца гэта ўсё аплочваць. На жаль, я не магу сабе такога дазволіць. Таму будзем запрашаць людзей, якія, магчыма, будуць зь Беларусі праездам ці будуць прыяжджаць у Маскву па нейкіх сваіх справах. Мы будзем заўсёды рады іх бачыць на маскоўскіх курсах. А што тычыцца менскіх заняткаў, то людзей абавязкова будзем запрашаць. У нас ужо нават ёсьць ліст з канкрэтнымі прозьвішчамі. Цікава, што некаторыя зь іх самі нам напісалі, ці затэлефанавалі выкладчыкам, ці сустрэлі дзесьці выкладчыкаў і сказалі — вось хацелася б прыйсьці да вас на курсы. І калі яшчэ летась мы тлумачылі, што гэта за курсы, што хочам вас запрасіць, каб вы пагаварылі са студэнтамі, расказалі пра свой беларускамоўны досьвед, то гэтым разам людзі ўжо самі да нас зьвяртаюцца, кажуць, што хочуць прыйсьці на курсы. І гэта вельмі прыемна — значыць, пра нас ужо ведаюць».

«Мова ці кава» — бясплатныя курсы беларускай мовы, якія заснавала сьпярша ў Маскве, а потым і ў Менску Кацярына Кібальчыч. Заняткі праходзяць раз на тыдзень за кубкам кавы, працягласьць — каля 2 гадзін. За першы сэзон у Маскве адбылося 17 заняткаў, сярэдняя наведвальнасьць — тры дзясяткі чалавек. Выкладчыкамі сябе паспрабавалі Вольга Вербіловіч і Васіль Дранько-Майсюк, сын вядомага літаратара Леаніда Дранько-Майсюка. У Менску сёлета адбылося 15 заняткаў, на якія часам зьбіралася больш за сотню наведнікаў. Вядоўцы — Алеся Літвіноўская і Глеб Лабадзенка.