Мазыр: больш за 50 дзяцей атруціліся ў школе

Цягам трох гадзін 19 верасьня ў Мазыры зьвярнуліся па мэдычную дапамогу 54 дзіцяці з прыкметамі вострага атручваньня. У асноўным гэта вучні малодшых клясаў, 44 зь іх шпіталізаваныя.
Як паведамілі БелаПАН у Гомельскім абласным упраўленьні МНС, дзеці, якія паступілі ў бальніцу, — вучні трох гарадзкіх школ і адной гімназіі.

Увечары 19 верасьня ў Мазырскім райвыканкаме праходзіць паседжаньне адмысловай камісіі, якая высьвятляе, якімі прадуктамі атруціліся дзеці. У гарадзкой бальніцы неафіцыйна паведамілі, што многія дзеці пасьля прамываньня страўніка ўжо адпушчаны дадому.