Залатыя бананы

Для стомленага календаром чалавека са схільнасьцю да дэпрэсіі і авітамінозам найважнейшым з мастацтваў, безумоўна, зьяўляецца кіно.

А калі ён, чалавек, апошнія сем гадоў яшчэ і толькі тым і займаўся, што забіваў, паміраў сам або глядзеў, як паміраюць іншыя, дык тут і пытаньняў быць ня можа. 20 верасьня 1946 году ў Канах адкрыўся першы з тых кінафэстываляў, вакол якіх шуму больш, чым яны таго заслугоўваюць. Карацей, тады яно ўсё і пачалося: залатая галёнка, крытыкі ў галёшах, голыя сьпіны і дыванок, які так і хочацца выцягнуць з-пад ног у зорак сусьветнага сынэматографу — і вярнуць кіно туды, дзе яно так весела пачыналася, да чаплінаўскай эксцэнтрыкі.

Зрэшты, першыя Каны былі яшчэ нічога. Рабэрта Расэліні замест сучасных расьлінаў і робатаў, што ўдаюць зь сябе геніяў, Бэргман-сцэнарыст і прыгожыя скулы Мішэль Морган... І нават савецкі рэжысэр, якога разумнае журы (што адчувала, адкуль у Напульскую затоку дзьме такі калючы вецер) чымсьці там уганаравала, быў ня хтосьці, а Фрыдрых Эрмлер, які зьняў жудасных «Сялянаў», гімн сьвініне ў чалавеку. Праўда, прыз Эрмлер атрымаў не за сьвініну, а за эпапэю пра Сталінград. І Сталінскую прэмію таксама. Вялікі пералом. Гіпсавыя мазгі.

Гэткі фэст плянавалі зладзіць яшчэ ў канцы трыццатых — але Гітлеру і Сталіну, якія абодва вельмі любілі кіно, занадта позна далажылі пра тое, што 1 верасьня 1939 у календары ўжо заняты. Давялося пацярпець да канца вайны. Зрэшты, кіно тады зрабілася ўжо зусім іншым. І «Рым. Адкрыты горад» у 1939 адкрываўся б зусім інакш...