Да звольненага лекара Шэгі — чэргі пацыентаў

Лекар Іван Шэга вядзе запіс на прыём

Слонімскі лекар-траўматоляг Іван Шэга, якому не працягнулі кантракт у паліклініцы нібыта з прычыны пэнсійнага веку, адчыніў у Слоніме грамадзкую прыёмную «Шэгамэдкансультант» і прымае наведнікаў бясплатна. Чарга да яго расьпісаная на тыдзень наперад.

Іван Шэга распавядае мне ў сваім новым кабінэце, што грамадзкую прыёмную зарэгістраваў яшчэ паўтара года таму. Паводле Шэгі — гэта некамэрцыйная ўстанова, яе мэта — інфармаваць грамадзян па пытаньнях вядзеньня здаровага ладу жыцьця. Паслугі тут аказваюцца бясплатна.

Нашу размову ўвесь час перапыняюць тэлефанаваньні, лекар перапрашае і кажа, што ня мае сакратаркі, а запісвае ахвотных сам. Большасьць, аднак, зьвяртаецца да яго ня проста па кансультацыі наконт здаровага ладу жыцьця, а шукаючы дапамогі пасьля таго, як не атрымалі яе ў мясцовай паліклініцы.

Лекар кажа, што сам ня лечыць, бо ня мае на гэта ліцэнзіі, але, з другога боку, ня можа адмовіць людзям у кансультацыі. Дадае, што даваў клятву Гіпакрата, а яшчэ — добра ведае, што ў паліклініцы, дзе яму не працягнулі кантракт, цяпер ня самае лепшае становішча з адмыслоўцамі ягонага профілю. Ягоны дасьведчаны калега захварэў і не працуе.

Шэга: «Раней у нас была даволі моцная траўматалёгія, а зараз выйшла так, што працуюць толькі маладыя адмыслоўцы і толькі па адным годзе. Вядома, што адмыслоўцы яны яшчэ слабыя. Я быў нядаўна ў паліклініцы, то мне сказалі, што ўзровень дапамогі, якую аказваюць траўматолягі, вельмі нізкі. Дык вось трэба дапамагаць людзям. Мне там казалі: будзем прысылаць да вас пацыентаў, каб здымкі паглядзелі, бо раптам там што…»
Мне там казалі: будзем прысылаць да вас пацыентаў, каб здымкі паглядзелі, бо раптам там што…

Час прыёму настае, у калідоры ўжо чуваць галасы. Пакуль лекар рыхтуецца, выходжу паразмаўляць з пацыентамі. У калідоры дзьве жанчыны. Пытаюся — чаму яны прыйшлі менавіта да лекара Шэгі?

Абедзьве кажуць, што добра ведаюць яго. Ведаюць і тое, што кантракт яму не працягнулі, бо ён актывіст БНФ. Адна з жанчын распавядае, як ён дапамог яе 80-гадовай сястры, якая сама не магла дайсьці да паліклінікі, а лекары адмаўляліся прыйсьці да яе дадому. Тады дапамог толькі Шэга, узгадвае спадарыня:

«У мяне цяпер праблема з каленам, і я лекуюся ўжо месяц у паліклініцы, і нічога не дапамагае. Ня ведаю, што і як, але я хацела толькі да яго трапіць. Шукала нават у хаце. А потым зьявілася аб’ява ў газэце, што ён прымае. Вось іду да яго. Ня ведаю, які будзе вынік, але ў мяне на яго дапамогу вялікая надзея».

Лекар Іван Шэга аглядае спадарыню, якая прыйшла да яго па кансультацыю


Чакае прыёму і мужчына пэнсійнага веку. Пытаюся ў яго — чаму ён пайшоў не ў паліклініку, а да Шэгі?

«Я быў ужо ў паліклініцы, але мне там асабліва нічым не дапамаглі. Быў у шпіталі — я былы вайсковец — лячылі і там. Не кажу нічога, але мне таксама гэта не дапамагло. А пра Шэгу я ведаю, што ён лекар добры, хоць сам на прыёме ў яго ня быў. Ведаю гэта са слоў людзей, з гэтае пошты, што па горадзе разносіцца. Усе адгукаюцца пра яго з самага лепшага боку».

Іван Шэга кажа, што адпачатку плянаваў прымаць у дзень ня больш як пяць чалавек, каб аддаць кожнаму болей увагі. Але часам людзі прыходзяць і бяз запісу, а адмовіць цяжка.
Мяне трывожыць, як улада да гэтага паставіцца, бо яны ва ўсім бачаць нейкі падкоп пад сябе

Пытаюся ў лекара — як на ягоную дзейнасьць рэагуюць мясцовыя ўлады?

Шэга: «Мяне трывожыць, як улада да гэтага паставіцца, бо яны ва ўсім бачаць нейкі падкоп пад сябе. А так, вядома, для Слоніма гэта добра — ёсьць альтэрнатыва. І наагул я думаю, што так мэдыцыну і трэба разьвіваць: калі ёсьць канкурэнцыя паліклініцы, калі шмат прыватных лячэбных кабінэтаў. Ёсьць і небясьпека, што розныя прайдзісьветы могуць гэта выкарыстоўваць. Але трэба глядзець, хто гэтым канкрэтна займаецца. І калі гэта робіць адмысловец з 40-гадовым досьведам, то гэта яўна на карысьць».

А вось з кабінэта Шэгі выходзіць пацыентка, настрой прыўзьняты. Пытаюся — ад чаго спадарыня ўсьміхаецца?

«Я рада, што трапіла да Івана Іванавіча. Ён даў мне кансультацыі, і спадзяюся, што гэта мне дапаможа. Цяпер працягну лекаваньне».