Лукашэнка атрымаў Шнобэля за забарону воплескаў

Аляксандар Лукашэнка стаў ляўрэатам Шнобелеўскай прэміі міру 2013 году.
Лукашэнка і беларуская міліцыя атрымалі прэмію за забарону публічных аплядысмэнтаў і арышт чалавека з адной рукой, які, нібыта, пляскаў у далоні.

Публічныя аплядысмэнты патрапілі пад забарону ў Беларусі ў 2011 годзе, пасьля таго як акцыі пратэсту апазыцыі сталі праходзіць па-новаму — ўдзельнікі не выкрыквалі лёзунгі, а толькі пляскалі ў далоні.

Інваліда з адной рукой у Горадні прызналі вінаватым у тым, што ён апладзіраваў ў публічным месцы, і аштрафавалі, нагадвае ВВС.

Відэазапіс цырымоніі ўручэньня прэміяў. Прэмія міру - 1:24:15 - 1:25:35















Прэмія Ig Nobel (у перакладзе з ангельскага слова ignoble значыць «ганебны») уручаецца за навуковыя дасягненьні, якія «спачатку сьмешаць людзей , а затым прымушаюць іх задумацца».

Яна традыцыйна ўручаецца ў Гарвардзкім унівэрсытэце ў ЗША.

Сярод іншых сёлетні ляўрэатаў: дасьледчыкі, якія выявілі, што гнойныя жукі могуць арыентавацца па зорках, вынаходнік прылады для катапультаваньня ўгоншчыкаў самалётаў, а таксама навукоўцы, якія пацьвердзілі, што п’яныя людзі сапраўды лічаць сябе больш прывабнымі.