Гендырэктар КАМАЗа лічыць за лепшае ня езьдзіць у Беларусь

Сяргей Кагогін

Сытуацыя вакол «Уралкалія» стала яшчэ адной перашкодай на шляху да аб’яднаньня «КАМАЗа» і «МАЗа», перамовы пра які вядуцца ўжо не адзін год і пакуль не прывялі да канкрэтных вынікаў.

«Я нават ня ведаю, што адказаць на гэтае пытаньне пасьля апошніх падзеяў, зьвязаных з затрыманьнем кіраўніка кампаніі „Ўралкалій“ Уладзіслава Баўмгертнэра. Я ў Беларусь ня ежджу» , — сказаў Інтэрфаксу гендырэктар «КАМАЗа» Сяргей Кагогін.

Старшыня Дзяржкамітэту маёмасьці Беларусі Георгі Кузьняцоў у лютым паведамляў, што беларускі і расейскі бакі прынцыпова ўзгаднілі ўмовы аб’яднаньня «КАМАЗа» і «МАЗа» ў холдынг «Росбелавто». Беларусь, паводле ягонай інфармацыі, унясе ў холдынг 75% акцыяў «МАЗа» і будзе мець 50% акцыяў у «Росбелавто» .

Затым кіраўнік Беларусі Аляксандар Лукашэнка заявіў, што сумняваецца ў мэтазгоднасьці зьліцьця прадпрыемстваў, прапанаваўшы спыніцца на варыянце стварэньня адзінай кіраўнічай кампаніі.

Пазьней кіраўнік Мінпрамгандлю Расеі Дзяніс Мантураў заявіў, што сыстэма кіраваньня холдынгам «Росбелавто», які стане кіраўнічай кампаніяй «КАМАЗа» і «МАЗа», будзе вызначана да сярэдзіны красавіка. Аднак пазьней ён прызнаў , што кампраміс паміж бакамі не дасягнуты. Пры гэтым Расея лічыць варыянт стварэньня кіраўнічай кампаніі без абмену актывамі беспэрспэктыўным.