На 60% падаражэлі паштовыя паслугі

Тарыфы на перасылку ўнутры Беларусі простых паштовых адпраўленьняў і лёгкіх бандэроляў павялічаныя на 60% — з 1 тысячы беларускіх рублёў да 1,6 тысячы.
Новыя тарыфы пачнуць дзейнічаць ад 12 верасьня.

Міністэрства сувязі і інфарматызацыі імкнецца такім чынам да «паэтапнай ліквідацыі стратнасьці ўнутрырэспубліканскіх паслуг паштовай сувязі агульнага карыстаньня».

«Тарыфы за кожныя наступныя поўныя і няпоўныя 20 г масы ліста і бандэролі для фізычных асоб (за выключэньнем індывідуальных прадпрымальнікаў) падвышаны да 150», - цытуе БелТА Міністэрства эканомікі.

На што яшчэ вырасьлі цэны

З 1 верасьня тарыфы на электраэнэргію для насельніцтва павялічыліся на 11,8%.

Цэны на хлеб з 29 жніўня падвысіліся на 10%. Таксама з 29 жніўня другі раз сёлета павялічыліся цэны на алькагольную прадукцыю.

12 ліпеня цэны на цукар вырасьлі ў сярэднім на 5%.

1 ліпеня максымальныя розьнічныя цэны на большасьць марак цыгарэт беларускай вытворчасьці павялічыліся на 2–30%.