У Партыі БНФ лічаць, што любы канфлікт з Крамлём ідзе на карысьць Беларусі

  • БелаПАН
Канфрантацыя афіцыйнага Менску з Крамлём ідзе на карысьць будучыні Беларусі. Пра гэта заявіў лідар Партыі БНФ Аляксей Янукевіч, выступаючы 7 верасьня на пасяджэньні сойму арганізацыі.

«Па сутнасьці, любая канфрантацыя Менску і Крамля ідзе на карысьць будучыні Беларусі, таму што яна ў той ці іншай ступені ўмацоўвае нацыянальную сьвядомасьць у краіне, узмацняе эўрапейскія пэрспэктывы Беларусі», — сказаў ён. Пры гэтым Янукевіч зазначыў, што «войны з Расеяй», якая зьяўляецца асноўным донарам уладаў, заканчваюцца пагаршэньнем эканамічнага становішча Беларусі.

«Пасьля канфлікту з „Уралкаліем“ ужо павысіліся цэны на бэнзін. Мяркую, у недалёкай будучыні нас чакае чарговая дэвальвацыя», — сказаў ён.

Заяву Лукашэнкі пра тое, што з грамадзян Беларусі, якія выяжджаюць за мяжу па пакупкі, трэба браць мыту, на думку Янукевіча, зьяўляецца спробай апраўдаць наступную дэвальвацыю, запэўніць насельніцтва, што яно само ў ёй вінаватае, таму што траціць грошы не ўнутры краіны.

У такой сытуацыі, мяркуе Янукевіч, для Партыі БНФ і іншых дэмакратычных сіл адкрываецца больш шырокае поле для ўзмацненьня свайго ўплыву. «Нам неабходна паказаць альтэрнатыву ўладзе, якая завяла краіну ў эканамічны тупік», — мяркуе ён.