Гарадзенскія «высяленцы»: На наступныя выбары ня пойдзем

Жыхары дома № 34а часта зьбіраюцца разам – параіцца, што далей рабіць

Жыхары дома № 34а па вуліцы Пестрака ў Горадні, якіх праз суд высяляюць з кватэраў, нідзе ня могуць знайсьці дапамогі. Яны лічаць, што адміністрацыя «Гроднажылбуда» высяляе іх незаконна. Днямі яны скіравалі ліст у Палату прадстаўнікоў з просьбай адклікаць сваю дэпутатку, якая ніякім чынам не адгукнулася на іхнюю бяду.

У 160-кватэрным доме па вуліцы Пестрака, 34, у 19 кватэрах яшчэ жывуць людзі. А заплянаваны «Гроднажылбудам» капрамонт ужо пачаўся. Мяркуецца зрабіць тут жыльлёвы фонд, каб перасяляць грамадзян са зьнесеных і пераабсталяваных жылых памяшканьняў.

Людзі не высяляюцца з тае прычыны, што ўзамен, па сутнасьці, асобных кватэр ім даюць інтэрнаты з агульным калідорам і кухняй. А магчымасьць пабудаваць сваё жыльлё яны скарыстаць не маглі, бо ня маюць сродкаў, каб аплочваць крэдыты.

Дом па вуліцы Пестрака, 34а у Горадні



Цяпер гэтая справа разглядаецца ў судзе. Але, не чакаючы судовага рашэньня, «Гроднажылбуд» распачаў рамонт дома. Зьнялі дах, і пасьля дажджу ў кватэры палілася вада.

У доме ніхто не прыбірае, на лесьвіцах бруд, разламаныя дзьвярныя праёмы, у калідорах расчыненыя вокны, на падлозе валяюцца дошкі і сьмецьце. Заходжу ў кватэру на 8-м паверсе. Тут жыве маці з дачкой і ўнучкай. Гаспадыня распавядае, што здарылася ўначы пасьля дажджу.
У кватэру папрыходзілі суседкі. Твары ва ўсіх змучаныя, заплаканыя. Кажуць, што проста ня ведаюць, што рабіць далей.

Спадарыня: «На кухні цякло па разэтках. Я вельмі баялася, каб не закараціла, бо малое дзіця ў хаце. Мы лядоўню адключылі, усё размарозілася. У суседзяў наагул плыло і закараціла, у іх сьвятло адключылася. Вада пайшла і на спальню. Праўда, там яшчэ касетоны трымаюць, але яна ўсё роўна там ёсьць».

У кватэру папрыходзілі суседкі. Твары ва ўсіх змучаныя, заплаканыя. Кажуць, што проста ня ведаюць, што рабіць далей.

Спадарыня: «Такога бязьмежжа... Я ўсё ж думала, што ў нас ёсьць закон, які нас абароніць. Ну чаму мы такія безабаронныя, як мошкі? Прусакоў і тое ня ўсіх душаць, а тут людзей душаць. Няўжо гэты „Гроднажылбуд“ ня можа з намі па-людзку абысьціся?»

Іншая спадарыня: «І што рабіць? Мы ня ведаем, што рабіць. Будзем чакаць судоў. Хоць ні на кога не спадзяемся, толькі на Бога, бо астатнія робяць толькі на зло. І галоўнае, што ўсе юрысты нам кажуць, што гэта робіцца незаконна...»

Пашпарт рэканструкцыі аб'екта на доме сьведчыць, што рамонтныя працы ўжо пачаліся



Адна жанчына распавядае, што ейная суседка ня вытрымала гэтых выпрабаваньняў і памерла.

Спадарыня: «Яна ўсё сядзела, ківалася і паўтарала: я нікуды не пайду, я прарабіла ўсё жыцьцё ў „Гроднажылбудзе“, куды я пайду? І ўвесь час ківалася на крэсьле, казала — лепей сябе падпалю. І вось так сядзела, сядзела, і хапіў яе інсульт — памерла. Пахавалі».
Асабліва іх пакрыўдзіла дэпутатка Палаты прадстаўнікоў Алена Берасьнева, за якую яны галасавалі на выбарах.

Жанчыны кажуць, што зьвярталіся ва ўсе магчымыя інстанцыі, але пасьля таго як старшыня аблвыканкаму ім адмовіў, зь імі, па сутнасьці, ніхто не сустракаецца. Асабліва іх пакрыўдзіла дэпутатка Палаты прадстаўнікоў Алена Берасьнева, за якую яны галасавалі на выбарах. Паводле жанчын, яна даслала ім адказ праз тры месяцы пасьля іхняга звароту — маўляў, не магу нічым дапамагчы, бо ўжо пачаліся судовыя працэсы.

Жыхары дома №34а часта зьбіраюцца разам – параіцца, што далей



Спадарыня: «Нашы судовыя паседжаньні пачаліся з 20 чэрвеня, а мы папрасілі яе аб дапамозе 7 траўня. І вось цяпер, праз тры месяцы, яна зрабіла нам такую адпіску. А мы, у сваю чаргу, накіравалі ў Палату прадстаўнікоў скаргу з усімі нашымі подпісамі, каб пазбавіць яе дэпутацкіх паўнамоцтваў».

Іншая спадарыня: «Нам непатрэбныя такія дэпутаты. Калі народ абірае, то трэба служыць народу...»

Іншая спадарыня: «Мы на наступныя выбары наагул ня пойдзем...»

6 верасьня ў Кастрычніцкім судзе Горадні працягнецца разгляд гэтае судовае справы.