Каракас у цемры. Мадура вінаваціць апазыцыю

Нікалас Мадура.

Амаль палова тэрыторыі Вэнэсуэлы засталася без электрычнасьці. Маштабнае адключэньне падачы электраэнэргіі закранула сталіцу краіны Каракас.
У Каракасе і іншых буйных гарадах былі адключаны сьветлафоры, узьніклі вялізныя аўтамабільныя коркі. Быў часткова спынены рух гарадзкога мэтро.

Паводле міністэрства энэргетыкі Вэнэсуэлы, прычынай адключэньня стала аварыя на адной з ліній электраперадачы. Паведамляецца, што адключэньне абсалютна не закранула нафтаздабываючыя і нафтаперапрацоўчыя прадпрыемствы, ад якіх амаль цалкам залежыць эканоміка краіны. Гэтыя аб’екты забясьпечваюцца электраэнэргіяй сваімі ўласнымі генэратарамі.

Прэзыдэнт Вэнэсуэлы Нікалас Мадура накіраваў на ліквідацыю непаладак падразьдзяленьні ўзброеных сілаў. Ён заявіў, што за аварыяй, магчыма, стаяць ультраправыя сілы, якія хочуць аслабіць краіну. У сваім мікраблозе на Twitter спадар Мадура напісаў, што экстрэмісты наладзілі ў краіне «электрычны пераварот».