Бюро Інтэрполу ў Расеі праінфармавана пра Керымава

Сулейман Керымаў

Расейскае бюро Інтэрполу атрымала з Цэнтральнага офіса міжнароднай паліцэйскай арганізацыі інфармацыю пра абвяшчэньне ў міжнародны вышук сябра расейскага Савету Фэдэрацыі Сулеймана Керымава.

«Расейскі бок будзе абавязаны распачаць усе захады, прадугледжаныя міжнароднымі нормамі і статутам Інтэрполу. Гэта азначае, што Керымаў будзе ўнесены ў сьпіс асобаў, якія знаходзяцца ў вышуку, а сам ён павінен быць арыштаваны і выдадзены», — паведамілі Інтэрфаксу ў праваахоўных органах.

Раней начальнік упраўленьня інфармацыі і грамадзкіх сувязяў МУС Беларусі Канстанцін Шалькевіч паведаміў агенцтву, што рашэньне аб абвяшчэньні Керымава ў міжнародны вышук Інтэрпол прыняў цягам сутак.

У панядзелак Сьледчы камітэт Беларусі паведаміў, што Керымаў абвінавачаны па крымінальнай справе ў дачыненьні да службовых асобаў ЗАТ «Беларуская калійная кампанія». Вынесеная пастанова аб ужываньні да яго меры стрыманьня ў выглядзе заключэньня пад варту і абвяшчэньні яго ў вышук, у тым ліку праз Інтэрпол.

Дзеяньні Керымава кваліфікаваныя сьледзтвам як арганізацыя злоўжываньня ўладай і службовымі паўнамоцтвамі (п.4 арт.16 і ч.3 арт.424 Крымінальнага кодэксу Рэспублікі Беларусь). Максымальная санкцыя артыкула прадугледжвае пакараньне ў выглядзе пазбаўленьня волі на тэрмін да 10 гадоў з канфіскацыяй маёмасьці.

Раней адвакат Керымава Анатоль Кучарэна заявіў, што Сулейман Керымаў устрымаецца ад паездак за мяжу, калі будзе абвешчаны ў міжнародны вышук праз Інтэрпол.