Мой мілы таварыш нямецкі лётчык

Размова, якая адбывалася 23 лістапада 1989 году ў перадзявальні аднаго з гамбурскіх шпіталёў, была ня менш сур’ёзная, чым сустрэча ў вярхах паміж Гарбачовым і Рэйганам. І, трэба сказаць, значна больш драматычная.

«Ну пацалуй жа мяне, Штэфані...» — зноўку заныў маладзён у акулярах, які праходзіў тут цывільную службу.

«Ты юрлівы, ганарысты казёл, — сказала мэдсястра, надзяваючы халат. — У цябе нічога ня выйдзе! А тое, што ты зрабіў у Маскве, было ўсяго толькі трукам, каб прыцягнуць да сябе ўвагу!»

І тады вакол яго ўсё пацямнела...

Так Матыяс Руст прыгадваў на судзе, што зь ім адбылося ў той вечар. У адказ на «казла» і на «трук» ён проста ўзяў і ўдарыў мэдсястру нажом. Сьцякаючы крывёй, яна здолела дайсьці да іншага аддзяленьня шпіталя. Дзякуючы шчасьліваму зьбегу абставінаў там акурат сядзела брыгада хірургаў у поўнай баявой гатовасьці. Так знакаміты Kreml-Flieger Матыяс Руст, які толькі год зь нечым таму выйшаў па амністыі з савецкай турмы, зноў трапіў пад лаву падсудных і на першыя старонкі газэтаў. Як высьветлілася, не апошні раз.

Псыхіятр, пэўне, сказаў бы, што рэч тут у выхаваньні. Матыяс Руст зь дзяцінства звыкся атрымліваць усё, што пажадае. А жадалася яму рознага.

Напрыклад, міру ва ўсім міры і ўзаемапаразуменьня паміж народамі. Менавіта так ён патлумачыў свой неверагодны пералёт з Гамбургу ў Маскву на савецкім судзе, «самым гуманным судзе ў сьвеце», які 4 верасьня 1987 пакараў немца 20 гадамі ГУЛАГу... не, усяго толькі 14 месяцамі зьняволеньня за парушэньне мяжы і правілаў авіяпералётаў. Праўда, Руст заадно прызнаўся, што ягоны палёт па маршруце Гамбург-Чырвоная Плошча быў зьдзейсьнены «цум шпас», жартам — у сваім стылі абвяргаючы сябе самога там, дзе трэба было б падавацца чалавекам зь перакананьнямі. Але перакананьняў у Матыяса не было. Адны жаданьні.

Сёньня мір ва ўсім сьвеце, заўтра швэдар... Ну, захацелася яму швэдрык кашаміравы, ён і сьцягнуў яго з крамы. З кім не бывае. Не аплаціў замоўленую мэблю — зноў суд, зноў штрафы. Працаваў афіцыянтам у Маскве, адкрыў школу ёгі, заснаваў эзатэрычную арганізацыю, арганізоўваў аўтагонкі ў Эстоніі, выйграў на Трынідадзе некалькі сотняў тысяч у покер, навярнуўся ў індуізм... А ўсё пачыналася так нявінна: самалёцік «Сэсна», разгубленыя зьнішчальнікі з чырвонымі зоркамі, разбурэньне вярхоўнага камандаваньня савецкіх ПВА і пасадка на Чырвонай плошчы з раздачай аўтографаў і усьмешлівымі міліцыянерамі на заднім пляне. А некаторыя вось жывуць усё жыцьцё на адным месцы: радзільня-дзіцячы садок-школа-ды-інстытут, я нарадзіўся тут... Ён бы так ня здолеў.

Матыяс Руст — сымпатычны чалавек, зь якога боку ні зірні; нават паводле Чэхава: і твар у яго адкрыты, і думкі — тыя яшчэ скакуны... І душа харошая, за чалавецтва баліць. Ну, і швэдар нічога такі.