Салігорцы: Баўмгертнэра трэба вызваляць

Your browser doesn’t support HTML5

Працаўнік «Беларуськалія»: Жартуюць, што гэтак жа могуць «закрыць» Лукашэнку ў Расеі

«У нас жартуюць, што зараз гэтак жа Лукашэнку могуць закрыць у Расеі», — сказаў у інтэрвію Свабодзе працаўнік першага рудніка «Беларуськалія» Аляксандар Бобін. Паводле яго, паведамленьне пра скарачэньне на 2/3 заробкаў засмуціла працаўнікоў «Беларуськалія», але шмат хто яшчэ не асэнсаваў наступствы гэтага кроку:

«У нас людзі жывуць з зарплаты. Староньніх прыбыткаў няма. Канечне, гэта кепска».

31 жніўня Аляксандар Бобін выйшаў на працу, але кажа, што гэта часова — пакуль ягоны першы руднік працуе. А потым прыйдзе іх чарга стаяць, і ён будзе адпачываць, як цяпер калегі.

Надоечы кіраўнік «Беларуськалія» Валеры Кірыенка заявіў, што цяпер з чатырох руднікоў працуе два. Шахцёры і супрацоўнікі, што не працуюць, атрымліваюць дзьве траціны заробку.

Аляксандар Бобін лічыць, што вінаватыя ў канфлікце «Беларуськалія» й «Уралкалія» абодва бакі: «Уладзіслава Артуравіча Баўмгертнэра трэба вызваляць. Трэба знайсьці такія юрыдычныя рашэньні, якія дазволяць яго адпусьціць. У цікавую ён трапіў гісторыю. Як і Мясьніковіч. Як і наш генэральны — Кірыенка. Трэба вызваляць і шукаць шляхі да пагадненьня. Новыя сябры гэта добра, але лепш з старымі сябрамі памірыцца».

«Беларуськалій» сёньня


Былы шахцёр, актывіст Незалежнага прафсаюзу гарнякоў Валер Гарбацэвіч таксама мяркуе, што гендырэктара «Ўралкалія» трэба тэрмінова вызваляць і шукаць паразуменьня з партнэрамі. Але пры гэтым Гарбацэвіч лічыць, што «Беларуськалій» мог бы пасьпяхова працаваць на сусьветным рынку калійных угнаеньняў і самастойна.

Валеры Гарбацэвіч


Грамадзкая актывістка з Салігорску Ларыса Насановіч кажа, што арышт у Менску гендырэктара «Ўралкалія» абурыў шмат каго зь яе знаёмых. Яна мяркуе, што праз гэтую гісторыю могуць пацярпець міжнацыянальныя адносіны ў Салігорску, дзе жыве шмат выхадцаў з Расеі.

«У нас шмат этнічных расейцаў, якія прыехалі яшчэ каб будаваць горад. Жывуць іх дзеці і ўнукі. Шмат беларусаў езьдзіць працаваць у Расеі, адпраўляюць туды вучыцца дзяцей. Іх тым больш такое абыходжаньне з Уладзіславам Баўмгертнэрам закранула за жывое. Людзі, натуральна, пакрыўджаныя і кажуць, што ў Беларусі парушана сьвятое правіла гасьціннасьці. Канфлікт трэба як мага хутчэй перавесьці з крымінальнага рэчышча ў эканамічнае і вырашаць празь перамовы».

Ларыса Насановіч


Яшчэ напярэдадні арышту ў Менску Ўладзіслава Баўмгертнэра сярод працаўнікоў «Беларуськалія» распаўсюдзілі заяву кіраўніцтва прадпрыемства, падпісаную гендырэктарам Валерыем Кірыенкам. Ён пісаў пра тое, што «Ўралкалій» першым парушыў дамову зь беларусамі, заклікаў працаўнікоў не паддавацца на правакацыйныя размовы й праінфармаваў, што да Дня шахцёра ўсім будзе выплачана прэмія ў памеры 100% ад заробку.

Адозва кіраўніка «Беларуськалія»