Зьнешні дзярждоўг Беларусі з пачатку году вырас на 3,3%

Дзяржаўны доўг на 1 жніўня 2013 году склаў 141,2 трыльёна беларускіх рублёў (што складае 12,4 мільярда даляраў) і павялічыўся ў параўнаньні з пачаткам 2013 году на 12,5 трыльёна рублёў (398,6 мільёна даляраў), або на 9,7%, паведамляе Міністэрства фінансаў.

Павелічэньне дзярждоўгу было ў асноўным абумоўлена ростам зьнешняй дзяржаўнай запазычанасьці.

У 2013 годзе былі прыцягнутыя зьнешнія дзяржзаймы на суму 1 мільярд 590,8 мільёна даляраў. У тым ліку было прыцягнута 880 мільёнаў даляраў па крэдыце Антыкрызіснага фонду ЭўрАзЭС; 351,4 мільёна даляраў — па дзяржаўным экспартным крэдыце ўраду Расеі на будаўніцтва АЭС; 276,1 мільёна даляраў — па крэдытах банкаў КНР , 8,3 мільёна даляраў — па крэдытах МБРР .

Пагашэньне зьнешняга дзяржаўнага доўгу з пачатку 2013 году склала 1 мільярд 143,6 мільёна даляраў.

Унутраны дзяржаўны доўг па стане на 1 жніўня склаў 31,1 трыльёна рублёў і вырас з пачатку году на 5,2 трыльёна, або на 20,2%.