Шлях Мэры

31 жніўня 1888 году каля 3 гадзін 40 хвілін раніцы ў лёнданскім раёне Ўайтчэпэл, прыкладна за дзьве сотні мэтраў ад гарадзкога шпіталя, на вузкай і заўжды цёмнай вуліцы Бакс Роў быў знойдзены труп жанчыны, якую звалі Мэры Эн Нікалс.

У яе было перарэзанае горла, а пахвіна разрэзаная так, што вантробы вываліліся вонкі. На жанчыне была вопратка рабочага дому Ламбэрта. Паліцэйскія патрулі ў гэты раён не зазіралі; ніхто з жыхароў вуліцы ня чуў і ня бачыў нічога падазронага. Калі труп знайшлі, было ясна толькі, што сьмерць настала зусім нядаўна. Яшчэ за дзесяць хвілін да таго Мэры Эн Нікалс была жывая і вельмі п’яная — яна ішла па начным Ўайтчэпэле, каб зарабіць дзесьці чатыры пэнсы: менавіта столькі каштаваў ложак у прытулку, дзе яна, звычайная лёнданская прастытутка па мянушцы Полі, жыла апошні год. Позьнім вечарам яе, калі яна прабіралася па цёмных завулках, бачыў адзін прыяцель, якому яна і паскардзілася на жыцьцё.

За пяць дзён да таго Мэры Эн Нікалс споўнілася сорак тры. Ёй было наканавана зрабіцца першай ахвярай забойцы, асобу якога ня высьветлілі дагэтуль і ня высьветляць ужо, відаць, ніколі. Jack´a The Ripper´a. Джэка-Патрашыцеля. Першай зь пяці дакладна вядомых — іх, магчыма, было і больш.

Злачынцу не знайшлі. Але, прынамсі, кожнаму беларусу вядома, што той Джэк быў нашым суайчыньнікам, такім сабе Якавам Прапоркам — бо калі ўжо этрускі нашыя прамыя продкі, а іхная мілагучная белаэтруская мова легла ў аснову сучаснага беларусішу, дык што ўжо казаць пра нейкага там патрашыцеля. Сумненьняў быць ня можа. Беларус, шчыры і сьвядомы, зь дзьвюма пядзямі валасоў і калтуном. З навыкамі хірурга і дыплёмам МДМУ. Бо як гэта гісторыя можа абысьціся безь беларусаў?..

Ва ўсім гэтым сапраўды можа быць доля праўды. Газэты таго часу пісалі пра мэдыка from Russia, які сьпешна пакінуў Лёндан пасьля таго, як было зьдзейсьненае апошняе забойства з тых, што прыпісваюць Джэку. Пакінуў і бясьсьледна зьнік.

Пра забавы юнага мэдыка, які пажадаў застацца невядомым, напісаныя цэлыя таміны. Пра Мэры Эн Нікалс вядома ня шмат. Аднак яе жыцьцё, і ўсё тое, што прывяло саракатрохгадовую Мэры ўначы 31 жніўня на Бакс Роў, заслугоўвае куды большай увагі, чым хворыя мазгі яе забойцы.

Яна нарадзілася ў сям’і сьлесара. Ёй не было дзевятнаццаці, калі яна выйшла замуж за друкара Нікалса. Мэры нарадзіла пяцярых дзяцей. Апошняга ўжо тады, калі была хранічнай алькагалічкай. Пасьля шаснаццаці гадоў шлюбу яна сышла ад мужа, жыла з адным кавалём, потым ён яе кінуў. Спачатку Нікалс даваў ёй грошы, потым перастаў. Мэры зрабілася прастытуткай, не пакідаючы спробаў уладкавацца ў жыцьці лепшым чынам — але адусюль, куды яна прыходзіла наймацца на працу, яе неўзабаве гналі. Яна крала — па дробязі, то там, то сям, жыла па чарзе ў розных рабочых дамах, на нейкі час вярнулася да бацькі — але жыць зь ім не змагла.

І вось яна ідзе па начным Лёндане. Грошы скончыліся. Лета канчаецца. Здароўя няма. Але жыцьцё працягваецца. У гэта так хочацца верыць, калі вып’еш. О, яна выглядае значна маладзейшай за свае гады. Яна абавязкова знойдзе таго, хто зможа заплаціць. Мэры Эн Нікалс ідзе па Бакс Роў. Ёй трэба ўсяго чатыры пэнсы. Усё, што яна мае, гэта яе цела. Яе цёплае цела. Мэры Эн ідзе па начной вуліцы. Мэры Эн ідзе ў вечнасьць. І яе ўжо ніхто ня спыніць.