Ужо сёньня 30 жніўня: Міжнародны дзень ахвяр гвалтоўных зьнікненьняў, прэзэнтацыя новай кнігі Сяргея Дубаўца, дзень нараджэньня Аляксандра Лукашэнкі

Аляксандар Лукашэнка

Падзеі і даты сёньняшняга дня ў Беларусі, сьвеце, гісторыі
ПАДЗЕІ ДНЯ

Міжнародны дзень ахвяраў гвалтоўных зьнікненьняў

Івацэвічы, у івацэвіцкай калёніі адбудзецца суд над палітвязьнем Аляксандрам Францкевічам, які праходзіў па справе анархістаў. Будзе вырашацца пытаньне, ці ўсталююць у адносінах да Францкевіча прэвэнтыўны нагляд пасьля вызваленьня, якое адбудзецца 3 верасьня. Пачатак пасяджэньня ў 14.30

Менск, у Нацыянальным прэсавым цэнтры — прэсавая канфэрэнцыя «Аб уступнай кампаніі ў навучальныя ўстановы Рэспублікі Беларусь у 2013 годзе». Пачатак у 10.00.

Менск, кнігарня «логвінаЎ» (Незалежнасці, 37а), прэзэнтацыя эсэістычнай кнігі Сяргея Дубаўца Errata («Як што называецца, так і адбываецца»). Пачатак а 18 гадзіне.

На Радыё Свабода — онлайн-канфэрэнцыя з лідэрам «Маладога Фронту» Зьмітром Дашкевічам.




ДЗЕНЬ У ГІСТОРЫІ

1481 — у Вільні за змову супраць вялікага князя Казімера пакараныя сьмерцю князі Іван Гальшанскі і Міхал Алелькавіч

1704 — у Нарве заключанае пагадненьне паміж Расеяй і Рэччу Паспалітай пра ўдзел апошняй у Паўночнай вайне 1700–1721 гадоў

1721 — падпісаная Ніштацкая мірная дамова, якой скончылася Паўночная вайна

1918 — Фані Каплан страляла ў Леніна. Няўдалы замах паклаў пачатак «чырвонаму тэрору» ў бальшавіцкай Расеі.

1941 — пачалася блякада Ленінграду

1980 — у Польшчы працоўным прадстаўлена права аб’яднаньня ў незалежныя прафсаюзы

1991 — Азэрбайджан абвясьціў незалежнасьць ад СССР

2009 — на авіяцыйным паказе ў Радаме ў Польшчы разьбіўся беларускі зьнішчальнік СУ-27. Загінулі два пілёты Аляксандар Жураўлевіч і Аляксандар Марфіцкі, яны вырашылі не катапультавацца, а адвесьці самалёт на максымальна магчымую адлегласьць ад населенага пункту.



У гэты дзень нарадзіліся:

1797 — Мэры Шэлі, ангельская пісьменьніца, аўтарка раману «Франкенштэйн, або сучасны Прамэтэй».

1804 — Аляксандр Ходзька, паэт, фалькларыст, усходазнавец.

1860 — Ісак Левітан, расейскі мастак.

1871 — Эрнэст Рэзэрфорд, брытанскі фізык, адкрывальнік пратону, ляўрэат Нобэлеўскай прэміі.

1954 — Аляксандар Лукашэнка, першы прэзыдэнт Беларусі.

1958 — Ганна Паліткоўская, расейская журналістка і праваабаронца.

1975 — Натальля Цылінская, беларуская раварыстка, васьміразовая чэмпіёнка сьвету.

У гэты дзень памерлі:

1929 — Паўлюк Трус, беларускі паэт.

1940 — Джозэф Томпсан, брытанскі фізык, адкрывальнік электрона, ляўрэат Нобэлеўскай прэміі.

1985 — Барыс Коўзан, беларускі ваенны лётнік, адзіны ў сьвеце, які 4 разы тараніў самалёты праціўніка.



ЦЫТАТА ДНЯ

Трэба жыць наперад, а не назад ці ўбок.

Сяргей Дубавец