Lidové noviny: «Бяляцкі — найбліжэйшы да асобы Вацлава Гаўла»

Вацлаў Гавэл і Алесь Бяляцкі падчас уручэньня прэміі Homo Homini

Чэская прэса лічыць, што найбольшыя шанцы атрымаць прэмію Вацлава Гаўла — у Алеся Бяляцкага.

Што пераважыць пры прысуджэньні прэміі Вацлава Гаўла: арыгінальнасьць намінанта, яго сусьветная вядомасьць альбо эфэкт падтрымкі, разважае чэская газэта Lidové noviny.

Яшчэ калі засноўвалася праваабарончая прэмія імя Вацлава Гаўла, чэскія праваабаронцы і журналісты адзначалі, што яна сутыкнецца з канкурэнцыяй. Бо ўзнагарода мае амбіцыі стаць прэміяй эўрапейскага маштабу, супастаўнай з Сахараўскай прэміяй за свабоду думкі. Стаяла задача знайсьці намінантаў, якія мелі б «гаўлаўскае» рэнамэ. Было адабрана трое прэтэнтаў: Алесь Бяляцкі, грузінская Асацыяцыя маладых адвакатаў і кітайская Суполка ў абарону правоў чалавека.
Прэмія Гаўла — міжнародная, і вырашаць яе лёс будзе міжнароднае журы, але калі разважаць, хто сам бліжэйшы да асобы Вацлава Гаўла, то гэта менавіта Алесь Бяляцкі

«Выбар будзе нялёгкі, — пішуць Lidové noviny. — Калі весьці размову пра арыгінальнасьць, то варта было б аддаць узнагароду прэтэндэнту з Грузіі, бо яшчэ ніхто з Грузіі не атрымліваў прэстыжнай праваабарончай прэміі. Калі мець на ўвазе маштабнасьць — тут на першае месца выходзіць Кітай. Але што да эфэкту падтрымкі — узнагароды найбольш заслугоўвае Алесь Бяляцкі.»

Газэта адзначае, што ў гэтым выпадку, вядома, прападае арыгінальнасьць, бо беларускую апазыцыю ўжо ўзнагароджвалі прэміяй Сахарава ў 2004 і 2006 гадах, больш за тое — самому Алесю Бяляцкаму ў 2005 годзе арганізацыя «Чалавек у нядолі» прысуджала прэмію Homo Homini. «Але таму, хто пры Лукашэнкавым рэжыме асуджаны за ўхіленьне ад выплаты падаткаў — за тое, што на ягоны рахунак прыходзілі грошы з-за мяжы — гэтая прэмія была б да месца. Бо была б вельмі добра зразумелай у краіне Вацлава Гаўла, дзе дысыдэнты ў свой час самі сутыкаліся з «валютнымі парушэньнямі».

Прэмія Гаўла — міжнародная, і вырашаць яе лёс будзе міжнароднае журы, але калі разважаць, хто сам бліжэйшы да асобы Вацлава Гаўла, то гэта менавіта Алесь Бяляцкі, падсумоўваюць Lidové noviny.

Ляўрэат прэміі будзе абвешчаны 30 верасьня.