Дземідзенка пра Дашкевіча: «Такога чалавека турмы не ламаюць»

Зьміцер Дашкевіч

28 жніўня мае выйсьці на волю лідэр «Маладога фронту» Зьміцер Дашкевіч.
24 сакавіка 2011 году Зьмітра асудзілі на 2 гады зьняволеньня нібыта за хуліганства. Летась 28 жніўня ў Глыбоцкай калёніі закрыты суд дадаў да тэрміну Дашкевіча яшчэ адзін год — за «злоснае непадпарадкаваньне патрабаваньням адміністрацыі калёніі». Такім чынам, толькі ў апошнюю адседку Зміцер Дашкевіч правёў за кратамі 986 дзён, большую частку зь іх — у адзіночных камэрах.

Сустракаць Зьмітра Дашкевіча каля Гарадзенскай крытай турмы зьбіраюцца дзясяткі, а магчыма, і сотні ягоных сяброў і паплечнікаў. Жонка Зьмітра Наста Палажанка ўсьведамляе, што кіраўніцтва турмы зусім не зацікаўленае ў такой сустрэчы і ад уладаў можна чакаць чаго заўгодна: ня будуць паведамляць час, калі Зьмітра вызваляць, ці наагул адвязуць некуды і пасадзяць у цягнік:

Наста Палажанка

«Можа, вывезуць раней куды-небудзь. Ня ведаю, паглядзім. Дзіма таксама ж хлопец няпросты, яго складана будзе вывезьці. Складана сказаць, бо я дакладна ня ведаю, калі ён выйдзе. Я буду ў Горадні і буду чакаць альбо яго званкоў, альбо яго зьяўленьня. Краіна Беларусь не такая маленькая, але і не такая вялікая, так што можна знайсьці. Я спакойна да гэтага стаўлюся, абы вызвалілі».

З самых блізкіх людзей у Зьмітра засталіся жонка Наста, зь якой яны пабраліся шлюбам 25 сьнежня 2012 году ў турме, і бацька Вячаслаў Уладзімеравіч. Маці Вольга Дашкевіч памерла 2 гады таму, калі Зьмітра асудзілі на 2 гады — сэрца ня вытрымала. Бацька Зьмітра Вячаслаў Дашкевіч сынам ганарыцца, але сакрэтаў выхаваньня не выдае:

Вячаслаў Дашкевіч

«Ніяк мы яго не выхоўвалі. Яго пад апёку сваю ўзяў Бог. Да 19 гадоў і цяпер — ён быў як неба і зямля. Зусім інакшы быў. Я б не сказаў, што ён у дзяцінстве і юнацтве быў спакойны — не, дужа вёрткі быў. Ну, але так лёс склаўся. Я ў адным упэўнены: яго павёў за сабой Бог (усьміхаецца). З дапамогай Паўла Севярынца. Я б ахарактарызаваў яго і ягоных паплечнікаў словамі паэта:

«Гвозди б делать из этих людей:
Крепче б не было в мире гвоздей».

Сябар і паплечнік Зьмітра Дашкевіча па «Маладым фронце» Мікола Дземідзенка спадзяецца, што з выхадам Зьмітра на волю жыцьцё ў моладзевай арганізацыі зноў завіруе. На пытаньне, адкуль бяруцца такія ўпартыя і мэтанакіраваныя лідэры, адказаў так:

Мікола Дземідзенка

«Гэта фэномэн „Маладога фронту“. Тут не пытаньне Старых Дарогаў ці нейкіх іншых павятовых гарадоў. Зьяўляюцца такія яркія асобы. І Зьміцер — адзін з самых яркіх хлопцаў пакаленьня, якія бралі на сябе адказнасьць за моладзевы рух. Гэта яскравы прыклад маладафронтаўца, таго ж Паўла Севярынца. Калі простыя хлопцы — ня менскія „мажоры“ — з глыбінкі прыяжджалі і фактычна бралі на сябе пакуты за Беларушчыну. Я не пабаюся такіх словаў, можа, патасных. Але апошняе зьняволеньне Зьмітра пацьвердзіла тое, што Зьміцер за Беларусь рэальна пакутаваў. Гэта яго шлях, каторы ён абраў сам. Гэта ня першае яго зьняволеньне. Такога чалавека турмы не ламаюць. Я ўпэўнены, што Зьміцер застанецца такім жа клясным хлопцам».

Ну, а Наста Палажанка ужо зьбіраецца ехаць у Горадню. І, натуральна, гатуе смачны пачастунак для Зьмітра і гасьцей:

«Безумоўна, клопатаў хапае. І досыць нэрвовая абстаноўка, так што я не магу сказаць, што ўвесь час на кухні прападаю. Бо спраў сапраўды хапае. Але, канечне, яго чакае і вячэра, і пачастункі. І тых людзей, якія яго чакаюць і сустракаюць. Так што чакаем і рыхтуемся».

Карэспандэнтка: «А куды адразу паедзеце?»

«Мы гэта абмяркуем разам са Зьмітром».

У выходныя Наста са Зьмітром зьбіраюцца абвянчацца.