Урад Сырыі абвінаваціў паўстанцаў ва ўжываньні хімічнай зброі

Пахаваньне адной з ахвяраў верагоднай хімічнай атакі

Сырыйскія ўлады абвінавацілі паўстанцаў ва ўжываньні хімічнай зброі ў паўночна-ўсходнім раёне Дамаску Джабар, на ўскраіне гораду. Сырыйскае дзяржаўнае тэлебачаньне перадало, што апазыцыянеры выкарыстоўвалі небясьпечнае таксічнае рэчыва, спрабуючы стрымаць прасоўваньне ўрадавых сілаў, і што некаторыя вайскоўцы, якія ўдзельнічалі ў баявых дзеяньнях у Джабары, атрымалі сур’ёзнае атручваньне і цяпер у крытычным стане. Тэлеканал адзначыў, што на зазьнятым відэа бачныя пакінутыя паўстанцамі бочкі з атрутным рэчывам і маскі.

Высокапастаўлены дыплямат ААН, спэцыяліст па раззбраеньні Ангэла Канэ прыбыла ў Дамаск, каб пераканаць урад Башара Асада даць міжнароднай камісіі доступ да месца меркаванай хімічнай атакі. Апазыцыя сьцьвярджае, што на раён Гута, дзе пражываюць мірныя жыхары, былі скінутыя ракеты з боегалоўкамі, начыненымі атрутнымі рэчывамі. Урад і армія адмаўляюць гэтыя абвінавачваньні, ускладаючы віну за атручваньне мясцовых жыхароў на мяцежнікаў.

Раней міністар абароны ЗША Чак Гэйгел заявіў, што амэрыканскі флёт манэўруе ў Міжземным моры, каб быць у гатоўнасьці на выпадак, калі прэзыдэнт Барак Абама палічыць неабходным пачаць ваенныя дзеяньні супраць Сырыі. Акрамя таго, стала вядома, што амэрыканскія ваенна-марскія сілы накіравалі да берагоў Сырыі ўжо чацьвёрты па ліку баявы карабель-ракетаносец.