Эгіпет: прыхільнікі Мурсі зноў пратэстуюць

Вайсковы патруль у Каіры.

Прыхільнікі зрынутага вайскоўцамі прэзыдэнта Эгіпта Мухамада Мурсі заклікалі аднавіць масавыя пратэсты супраць часовага ўрада.
Гэта, як лічаць аналітыкі, стане праверкай трываласьці ўмеранага ісламісцкага руху «Мусульманскае братэрства» пасьля некалькіх тыдняў гвалту, падчас якога сотні людзей загінулі, а лідэры руху апынуліся за кратамі.

Дэмакратычна абраны прэзыдэнт Эгіпта Мухамад Мурсі быў адхілены ад улады 3 ліпеня і знаходзіцца пад арыштам у сакрэтным месцы.

Пратэсты пройдуць на наступны дзень пасьля таго, як папярэднік Мурсі, шматгадовы кіраўнік Эгіпта Хосьні Мубарак быў пераведзены з турмы пад хатні арышт у ваенным шпіталі. Зьвергнутага ў 2011 годзе з-за масавых народных выступленьняў 85-гадовага Мубарака абвінавачвалі ў карупцыі і датычнасьці да масавых забойстваў.