Мубарака пасадзяць пад хатні арышт

Былога лідэра Эгіпту Хосьні Мубарака зьмесьцяць пад хатні арышт.
Пра гэта перад вызваленьнем Мубарака, якое чакаецца ў чацьвер, заявіў офіс прэм’ер-міністра Эгіпту.

У сераду суд Каіра прыняў рашэньне аб умоўна-датэрміновым вызваленьні Мубарака. Гэтае рашэньне датычыцца справы аб карупцыі, у якой абвінавачвалі былога прэзыдэнта.

85-гадовы Мубарак знаходзіўся пад вартай з красавіка 2011 года — пасьля адстаўкі, якая адбылася ў выніку масавых народных выступаў. Мубарака па-ранейшаму абвінавачваюць у датычнасьці да нападаў сіл бясьпекі на дэманстрантаў падчас паўстаньня 2011 года.