Багданкевіч: Валютны курс ужо сёньня няправільны

Станіслаў Багданкевіч

Нацыянальны банк чакае, што сярэднегадавы курс даляра ў 2014 годзе складзе прыкладна 9500 рублёў за даляр. Такія зьвесткі прыводзяцца ў абгрунтаваньні да праекту Асноўных кірункаў грашова-крэдытнай палітыкі на 2014 год. Ці можна назваць такі прагноз рэалістычным? Пры якіх эканамічных умовах беларускі рубель можа заставацца адносна стабільным? На гэтыя пытаньні адказвае былы старшыня Нацыянальнага банку Станіслаў Багданкевіч.

— На думку некаторых экспэртаў, прагноз уладаў выглядае занадта аптымістычна. Зь іншага боку, амаль два гады рубель захоўвае пэўную стабільнасьць. Ці лічыце вы прагноз уладаў рэалістычным і якія падставы называць менавіта такую лічбу?

— Трэба мець на ўвазе, што беларуская эканоміка разьвіваецца не па рынкавых мадэлях, а кіруецца ўручную. Таму можна рэгуляваць і валютны курс праз продаж дзяржаўных актываў, каштоўных папераў, атрымліваць крэдыты.

Калі ня ўмешвацца адміністрацыйна, то валютны курс ужо сёньня няправільны, ён не дапамагае эканоміцы. Рэзка ўпала рэнтабэльнасьць, выдаткі вырасьлі, а цана ў сувязі з стабільным курсам не расьце, таму выручка ў рублях таксама не расьце.

Таму я мяркую, што курс у наступным годзе павінен быць вышэйшы за 10 тысяч. Але яго магчыма адміністрацыйна ўтрымліваць, калі прадаваць акцыі нашых галоўных прадпрыемстваў.
Я мяркую, што курс у наступным годзе павінен быць вышэйшы за 10 тысяч

— Сапраўды, дзяржава апублікавала грандыёзныя пляны на наступны год наконт прыватызацыі — звыш 4 мільярдаў даляраў. Ці азначае гэта, што менавіта гэтым шляхам (а не праз далейшыя пазыкі) улады будуць трымаць курс?

— Думаю, што так. Гэта адзіны рэальны выхад. Бо, улічваючы імідж Беларусі, мы ня здолеем атрымаць на свабодным крэдытным рынку танныя крэдытныя рэсурсы. А за кошт выкарыстаньня назапашаных раней актываў можна нейкі час пратрымацца.

— Вы лічыце ўтрыманьне курсу шкодным для многіх беларускіх прадпрыемстваў, найперш экспартэраў?

— Так, я лічу гэта шкодным. Бо рэнтабэльнасьць увесь час зьніжаецца. А гэта зьніжэньне ўнутраных крыніцаў для мадэрнізацыі рэальнага сэктару. Тое, чаго нельга рабіць. Трэба рэфармаваць эканоміку. А ў нас спажываньне забясьпечваецца праяданьнем асноўных фондаў і з дапамогай ільготных цэнаў на энэрганосьбіты, якія дае Расея.