Бацька Цэпэш

Цяжкім выдаўся 1456 год для жыхароў цемнавокай Валахіі. Хлеб па талёнах, карупцыя, анархія, разгул нацыяналізму... А тут яшчэ і даніна, якую даводзілася рэгулярна выплачваць асманскім імпэрыялістам. Вось чым абярнулася для маладой краіны так званая баярская дэмакратыя. Пэсымізм і фаталізм панавалі ў некалі квітнеючым краі. Кожны чакаў збаўцу, мэсію, які запусьціць заводы, спыніць безьмяжак разам з беспрыдзелам, зробіць асманскую мову другой дзяржаўнай і пасадзіць на кол вінаватых. І такі чалавек знайшоўся. 22 жніўня 1456 году валаскім прынцам робіцца Улад Дракула, ці то III, ці то IV. Чалавек, які ўвойдзе ў гісторыю як палымяны патрыёт Бацькаўшчыны і непрымірымы змагар за народнае шчасьце.

На валаскі пасад, у выніку ўсенародных і міжнародна прызнаных выбараў ён быў абраны не ўпершыню (менавіта абраны: сярод валаскіх баяраў кожны мог прэтэндаваць на прынца). Аднак раней кожнага разу прыходзілі асманска-фашысцкія акупанты і скідвалі вялікага правадыра. А вось у гэты вялікі дзень палітычная кар’ера Ўлада пачалася па-сапраўднаму — нават апазыцыя вымушаная была прызнаць, што гэта ўсур’ёз і надоўга. Праўда, неўзабаве прызнаваць ужо не было каму...

«Слухай Улада — ён благому не навучыць», — сьпявалі зоркі валаскай эстрады, разьяжджаючы па сёлах і замках. Валахі ласкава называлі прынца Цэпэшам — ад слова, што азначае кол, той самы, на які Дракула любіў насаджваць сваіх апанэнтаў. Праўда, мянушка зьявілася ўжо пасьля сьмерці кіраўніка. Жорсткасьцю прынц не вызначаўся, хутчэй наадварот: сачыў, каб канец кала быў ня надта загостраны — адным словам, гуманіст. І зусім не злапамятны. Яшчэ да свайго ўзыходжаньня на пасаду валаскага прынца ён прыехаў неяк у Тыргавіштэ на магілу брата. Раскапаў яе і пабачыў, што брата асьляпілі і пахавалі жыўцом. Жыхары гораду акурат сьвяткавалі Вялікдзень. Чысьценькія ўсе такія, у прыгожых нацыянальных касьцюмах, вясёлыя. Улад загадаў закаваць іх у ланцугі і адправіць на будаўнічыя работы па рэканструкцыі сваіх замкаў — каб працавалі там, пакуль адзеньне не ператворыцца ў лахманы. А мог бы і крывёю напіцца. Так што брэша ўсё Брэм, ачарніцель заходні.

А які веруючы быў чалавек!.. Кажуць, асманы тройчы прымушалі яго прыняць іслам — а ён як быў праваслаўны, так і застаўся. Толькі ў каталіцтва адзін раз перабег і назад, а так — ня выракся дзедавай веры. Храмы паўсюль ставіў — амаль столькі ж, колькі калоў. Умацаваў межы: да самай сьмерці ягонай ніхто ня мог сунуцца ў Валахію. Ня тое, што цяпер, калі па турыстах тут калы плачуць.

Кронікі ў адзін голас кажуць, што Дракула быў проста жах які справядлівы. Пасьля адной бітвы з туркамі распарадзіўся тых палонных, хто сьпераду паранены, узнагародзіць, а тых, хто ззаду — таго на кол, на кол... Калі нейкую кабету падазравалі ў здрадзе мужу, дык загадваў выразаць ёй геніталіі. І на кол. Куды ж яшчэ? А амбасадараў, адкуль бы яны ні былі, калі ня ўмелі яны з адпаведнай павагай зь ім гаварыць, ён па-прыяцельску так па сьпіне паляпваў і казаў, каб іх, небаракаў... Туды ж, на кол! «У нас тут свае традыцыі».

Аднаго разу прынц абедаў на прыродзе: рэчка, лес, вакол калы стаяць з насаджанымі на іх ворагамі — каб апэтыт не прапаў. Слуга нёс Уладу місу зь мясам і неўпрыкмет нос рукой прыкрыў. Але ад збаўцы народнага нічога не схаваеш. «Ты чаго нос прыкрываеш, пёс?» — спытаў Дракула. «Бо мерцьвякі сьмярдзяць, пане народны збаўца», — адказаў слуга, чырванеючы. «Бедны хлопчык, як я цябе разумею!, — сказаў Дракула, падымаючы накрыўку. — Пасадзім цябе на кол. На самы высокі, там табе сьмярдзець ня будзе». І пасадзіў. Любіў моладзь.

Карацей, пра такога нацыянальнага героя любы народ можа толькі марыць. А хто не захоча — на кол. У мэтах гігіены і патрыятычнага выхаваньня.