Сырыйскі цэнтар правоў чалавека, які базуецца ў Лёндане, са спасылкай на крыніцы ў краіне, паведаміў, што ўрадавыя сілы ўжылі хімічную зброю супраць паўстанцаў ва ўсходнім прымесьці Дамаску Кафр-Батна. Паводле дадзеных цэнтру, загінулі ня менш за 30 чалавек.
Паводле словаў сырыйскіх праваабаронцаў, атрутным газам былі начыненыя і ракеты, якімі вёўся абстрэл гораду Муадамія, на паўднёвым захадзе ад Дамаску.
Прадстаўнікі цэнтру правоў чалавека заклікалі экспэртаў ААН па хімічнай зброі, якія днямі прыбылі ў Дамаск, наведаць пацярпелыя раёны.
Сырыйскі ўрад адмаўляе заявы апазыцыі і праваабаронцаў, што ўрадавыя войскі выкарыстоўвалі хімічную зброю супраць паўстанцаў. Сырыйскае дзяржаўнае тэлебачаньне назвала «цалкам непраўдзівымі» паведамленьні, што ўрадавыя войскі сёньня раніцай ўжылі ракеты з атрутным газам. Паводле дзяржаўнага тэлебачаньня абвінавачваньні апазыцыі мелі на мэце адцягнуць інспэктараў ААН ад іх місіі, якая можа доўжыцца прынамсі два тыдні.
Сырыйскія ўлады і паўстанцы неаднаразова абвінавачвалі адно аднаго ва ўжываньні хімічнай зброі падчас амаль 30-месячнай грамадзянскай вайны ў Сырыі. За гэты час там былі забітыя больш за 100 тысяч чалавек.