Беларуская замежная палітыка: ліхаманкавыя пошукі раўнавагі

Эканамічныя цяжкасьці апошняга часу аказваюць самы непасрэдны ўплыў на вонкавую палітыку Беларусі. Якая рэакцыя афіцыйнага Менску на расейска-ўкраінскую мытную вайну? Ці ўдасца знайсьці новыя крыніцы валютных паступленьняў? Навошта Беларусь псуе адносіны зь Літвой?

Удзельнікі: палітоляг Андрэй Фёдараў і кіраўнік аналітычных праектаў кампаніі БелаПАН Аляксандар Класкоўскі.


Рэакцыя Беларусі на расейска-ўкраінскую мытную вайну


Валер Карбалевіч: «Востры мытны канфлікт паміж Расеяй і Ўкраінай экспэрты тлумачаць жаданьнем Масквы такім чынам уцягнуць Кіеў у Мытны зьвяз. Калі так, то да гэтай мытнай вайны павінны былі б па лёгіцы падключыцца і Беларусь, і Казахстан. Аднак гэтага не адбылося. Чаму Беларусь не ўвязалася ў гэтае расейска-ўкраінскае супрацьстаяньне, як прагназавалі кіеўскія аналітыкі?»

Андрэй Фёдараў

Аляксандар Класкоўскі

Валер Карбалевіч

Андрэй Фёдараў: «Масква імкнецца калі не ўцягнуць Украіну ў Мытны зьвяз, то перашкодзіць Кіеву падпісаць пагадненьне аб асацыяцыі і вольным гандлі з ЭЗ.

Думаю, Беларусь не падтрымала Расею ў гэтай мытнай вайне зь дзьвюх прычын. Па-першае, нядаўна толькі наладзіліся фармальныя стасункі паміж беларускім і ўкраінскім кіраўніцтвам. Разьвязана нарэшце праблема дамовы аб мяжы. Актыўна разьвіваецца ўзаемны гандаль, прычым з станоўчым для Беларусі сальда. І губляць гэтыя грошы зусім ня хочацца.

Па-другое, думаю, Лукашэнка ня хоча, каб Украіна ўступала ў Мытны зьвяз. Бо ў такім выпадку Расея значна больш увагі аддавала б стасункам з Кіевам, чым зь Менскам. Таму для цяперашняга кіраўніцтва Беларусі лепш, каб Украіна працягвала рухацца шляхам эўрапейскай інтэграцыі. У такім выпадку Масква больш увагі аддавала б адносінам зь Беларусьсю, давала б прэфэрэнцыі, каб утрымаць саюзьніка ад руху па шляху Ўкраіны».

Аляксандар Класкоўскі: «Мытная вайна з Украінай з боку Расеі была папераджальным залпам. Цяпер на нейкі час сытуацыя ўляжацца. Масква будзе сачыць за рэакцыяй Кіева: зразумеў той гэты ўрок ці не. У гэтым сэнсе паказальныя слова дарадцы прэзыдэнта РФ Глазьева. Ён сказаў, што гэта была разавая акцыя з боку Расеі, але калі Ўкраіна падпіша згаданае пагадненьне з ЭЗ, то тады такі жорсткі мытны рэжым можа стаць нормай.

І паколькі гэта быў такі „бліцкрыг“ з боку Масквы, то Менск можа сказаць, што мы не пасьпелі зрэагаваць. Калі ж такая мытная вайна стане пэрманэнтнай, то далей РФ паспрабуе ўцягнуць Лукашэнку ў гэтае супрацьстаяньне, і Менску будзе выкручвацца цяжка.

Хоць для Лукашэнкі гэта не яго вайна. Для Беларусі эканамічна нявыгадна псаваць дачыненьні з Украінай. Бо вельмі вялікі гандаль. Туды прадаюцца нашыя нафтапрадукты. Туды можна сьпіхнуць нашы трактары, якімі застаўлена амаль палова Менску. Таму Лукашэнка будзе ўсяляк высьлізгваць ад далучэньня да гэтай вайны. У пэўнай ступені гэта будзе нагадваць падзеі расейска-грузінскай вайны 2008 году, калі Беларусь не ўдалося падключыць да расейскай палітыкі».


Сытуацыя вакол «Беларуськалія»


Карбалевіч: «Значны ўплыў на вонкавую палітыку аказваюць эканамічныя цяжкасьці, перад якімі апынулася краіна. Расьце дэфіцыт замежнагандлёвага балянсу, востра патрэбная валюта. У гэтым пляне візыты Лукашэнкі ў Паўднёва-Ўсходнюю Азію, Аман, Кітай, не прынесьлі вялікага плёну. Сытуацыю яшчэ больш абвастрыў выхад расейскага „Ўралкалія“ зь Беларускай калійнай кампаніі. І цяпер „Беларуськалій“ ліхаманкава шукае пасярэднікаў. Стаўка робіцца на катарскую кампанію, якая ніколі раней не займалася продажам калію. Тут цікава, што мінулым тыднем Лукашэнка даў загад садзіць у турму кіраўнікоў дзяржпрадпрыемстваў, якія гандлююць праз пасярэднікаў. Якія тут пэрспэктывы?»

Фёдараў: «Сытуацыя ў канфлікце паміж „Уралкаліем“ і „Беларуськаліем“ цяжказразумелая. Бакі абвінавачваюць адзін аднаго. Бліжэйшым часам абодва былыя партнэры прайграюць. Зьнізілася капіталізацыя кампаніяў, цэны на калій пачалі падаць, індусы патрабуюць зьніжкі на калій па ўжо заключаных кантрактах. Мы маем шмат прыкладаў, калі беларускі бок хацеў зрабіць як лепей, а выходзіла як заўсёды. Баюся, што ў дадзеным выпадку мы маем якраз такую сытуацыю».
Керымаў адмыслова распачаў гэтую калійную вайну, каб паставіць беларускага канкурэнта на калені

Класкоўскі: «Апошнія падзеі на калійным рынку сталі моцным ударам па беларускім бюджэце і эканоміцы. Калі цэны на калій упадуць ніжэй за 200 даляраў за тону, то „Беларуськалій“ пачне працаваць у стратным рэжыме, а „Ўралкалій“ будзе мець прыбытак, бо ў яго ніжэйшы сабекошт вытворчасьці. І я не выключаю, што галоўны акцыянэр „Уралкалія“ Керымаў адмыслова распачаў гэтую калійную вайну, каб паставіць беларускага канкурэнта на калені і такім чынам купіць яго за капейкі.

Таму я нязгодны, калі ў жаданьні раскрытыкаваць беларускія ўлады малююць расейскіх алігархаў белымі і пухнатымі. Таму што ўвесь мінулы год „Уралкалій“ прадаваў большую частку прадукцыі праз свайго трэйдэра, а не празь Беларускую калійную кампанію. І гэта было задоўга да таго, як Лукашэнка ў сьнежні мінулага году падпісаў указ, які дазволіў „Беларуськалію“ прадаваць прадукцыю „налева“. Нагадаю, што яшчэ летась у ліпені расейскі прэм’ер Мядзьведзеў, калі быў у Менску, злавесна казаў: вам ад продажу „Беларуськалія“ не адкруціцца.

Іншы момант. Алігарх Керымаў належыць да клану Мядзьведзева. А Пуціну трэба запускаць праект па стварэньні Эўразійскага зьвязу. Скандал вакол „рэйдэрскага захопу“ „Беларуськалія“ можа яму перашкодзіць. Таму, магчыма, Пуцін спыніць дацісканьне Беларусі па гэтым пытаньні».


Пра беларускія самалёты ў Судане


Карбалевіч: «Зьявілася паведамленьне, што сьпісаныя зь беларускага войска рэактыўныя самалёты-бамбавікі знайшліся ў Судане. Разам з самалётамі знаходзіцца беларускі абслуговы пэрсанал. Вось яшчэ адна крыніца валюты. Крыніца сумнеўная. Бо ёсьць пастанова Рады бясьпекі ААН аб забароне ці абмежаваньні паставак зброі ў „гарачыя кропкі“. Судан — адна з такіх кропак, бо там доўга ішла грамадзянская вайна. Як гэта можна пракамэнтаваць?»

Класкоўскі: «Некалькі рэмарак. Па-першае, хоць беларускае кіраўніцтва шмат сябруе з адыёзнымі рэжымамі, яно вельмі абачліва сябе паводзіць у сэнсе продажу зброі. Бо калі ў гэтым пытаньні трапіць пад раздачу ЗША, то мала не падасца.

Два гады таму быў вялікі шум з-за таго, што Беларусь нібыта прадала мясцоваму мяцежніку ў Кот-д’Івуар тры гелікоптэры ў абыход санкцыяў. Потым прадстаўнікі ААН мусілі выбачацца — маўляў, гэта была недакладная інфармацыя.

Фармальна прадаваць зброю Судану не забаронена. Забарона ААН тычылася выкарыстоўваньня гэтай зброі ўрадам Судану супраць мяцежнікаў у правінцыі Дарфур. І вось урад Судану дае слова гонару, што гэтая зброя дзеля гэтага выкарыстоўвацца ня будзе. Самі разумееце, што гэта больш чым хісткае абяцаньне. Увогуле, гандаль зброяй — ня самы маральны бізнэс у сьвеце.
Беларусь шмат разоў абвінавачвалася ў незаконным продажы зброі. Але ні разу не было прыведзена сур’ёзных доказаў

Што да гэтага паведамленьня, то яно паходзіць ад суданскага блогера. Здымкі мала пра што кажуць, беларускіх апазнавальных знакаў на самалётах няма. І нельга зрабіць выснову, што людзі ў камбінэзонах — гэта беларускія тэхнікі».

Фёдараў: «Беларусь шмат разоў абвінавачвалася ў незаконным продажы зброі. Можа, разоў 20–30 за апошнія 15 гадоў. Але ні разу не было прыведзена сур’ёзных доказаў».


Навошта Беларусь псуе адносіны зь Літвой?


Карбалевіч: «Беларусь уцягнулася ў канфлікт зь Літвой з-за будоўлі АЭС пад Астраўцом. На першы погляд, такая пазыцыя беларускага боку — нелягічная. Літва — адна з краін ЭЗ, якая прытрымліваецца мяккай тактыкі адносна афіцыйнага Менску. Да таго ж цяпер Літва старшынюе ў ЭЗ, у Вільні восеньню адбудзецца саміт „Усходняга партнэрства“. Нядаўна „Беларуськалій“ купіў у Клайпедзкім порце тэрмінал, празь які адбываецца транзыт калію. Навошта псаваць адносіны зь Літвой?»

Класкоўскі: «Менавіта таму, што Літва моцна завязаная ў эканамічным пляне на Беларусь, беларускія ўлады цынічна разважаюць так: нікуды літоўцы ня дзенуцца, ператопчуцца.

І нежаданьне канкурэнцыі з боку беларускай АЭС, калі казаць аб’ектыўна, у пазыцыі Вільні прасочваецца. Бо пачалася будоўля Балтыйскай АЭС у Калінінградзкай вобласьці, існуюць такія пляны і ў Літвы. І калі пабудуецца яшчэ і беларуская АЭС, то ня будзе куды падзець лішнюю электраэнэргію.

Хоць, зразумела, беларускі бок у гэтым пытаньні прэ як танк. Калі свайму насельніцтву затыкаюць рот, то чаго цырымоніцца зь літоўцамі? Беларускія ўлады настолькі прызвычаіліся да імітацыі, што і гэтыя слуханьні ў Астраўцы зымітавалі. Прывезьлі нейкіх выпадковых людзей зь Літвы і абвясьцілі іх прадстаўнікамі літоўскай грамадзкасьці. Але ў міжнародных дачыненьнях туфту прадаваць немагчыма. Зрэшты, думаю, у гэтым пытаньні Менск дацісьне літоўцаў».

Карбалевіч: «Мінулым годам у Літве адбыўся рэфэрэндум, на якім насельніцтва прагаласавала супраць будоўлі АЭС».

Фёдараў: «Думаю, нейкая экспэртыза, у тым ліку экалягічная, была. Напрыклад, МАГАТЭ ня мае прэтэнзіяў. Другі момант. Калі б Беларусь моцна парушала нейкія нормы і правілы бясьпекі будаўніцтва АЭС, то ў справу ўмяшаўся б Эўразьвяз. Аднак гэтага няма.

Праблема ў тым, што АЭС будуецца за 55 кілямэтраў ад Вільні. І Літва, зразумела, асьцерагаецца за бясьпеку. Думаю, калі кіраўніцтва Беларусі выбірала месца будоўлі, то чыньнік блізкасьці да Літвы ўлічваўся. Каб мець сродак ціску на Літву, каб тая ня моцна рыпалася».