Суд арыштаваў капітана цеплахода, які пацярпеў крушэньне на Іртышы

Мост пра рэчку Іртыш.

Суд у Омску арыштаваў сёньня на 2 месяцы капітана пасажырскага цеплахода «Палесьсе-8», пры сутыкненьні якога з баржай на Іртышы ў суботу загінулі шэсьць чалавек.
У дачыненьні да Юрыя Рацько, у крыві якога быў знойдзены алькаголь, распачата крымінальная справа. Паводле інфармацыі газэты «Вести», крымінальная справа па артыкуле «халатнасьць» можа быць распачата і супраць кіраўніцтва кампаніі «Омскі рачны порт» і мясцовых мэдыкаў. Сьледзтва высьвятляе, хто выпускаў цеплаход ў рэйс і якім чынам на яго борце апынуўся п’яны капітан. Акрамя таго, ёсьць падазрэньні, што цеплаход быў перагружаны.

34 пацярпелых пры сутыкненьні застаюцца ў шпіталях. Стан васьмі зь іх — цяжкі, паведамляе Сыбірскі рэгіянальны цэнтар МНС. Сярод параненых 7 дзяцей. Адна жанчына была дастаўлена ў Маскву.