Усход Расеі затапіла

Узровень вады ў рацэ Амур у раёне Хабараўска працягвае расьці. За суткі ён падняўся на 17 сантымэтраў і дасягнуў 6 мэтраў і 57 сантымэтраў, паведамляе рэгіянальнае ўпраўленьне МНС.
Падтоплена каля 200 дамоў, звыш 4 тысяч дачных і прысядзібных участкаў. Праводзіцца эвакуацыя жыхароў.

Ужо да канца тыдня чакаецца, што вада падымецца да крытычнай адзнакі ў 7 мэтраў. Пад вадой могуць апынуцца такія гарады як Хабараўск, Камсамольск-на-Амуры, Нікалаеўск-на-Амуры і шэсьць суседніх раёнаў.

У Габрэйскай аўтаномнай вобласьці найбольш складаная паводкавая сытуацыя склалася ў вёсцы Пашкова. У МНС не выключаюць паўтарэньня паводкі 1984 года, калі вада цалкам затапіла аднапавярховыя дамы.

У пяці рэгіёнах Далёкага Ўсходу Расеі з-за наймацнейшых паводак, выкліканых праліўнымі дажджамі, абвешчаны рэжым надзвычайнай сытуацыі. Падтопленыя сотні дамоў, у якіх пражываюць каля 30 тысяч чалавек, тысячы людзей эвакуяваныя.

З-за павышэньня ўзроўню Амура ў трох рэгіёнах Далёкаўсходняй фэдэральнай, па апошніх дадзеных, падтоплена ўжо 140 населеных пунктаў. З іх больш за 100 разьмешчаны ў Амурскай вобласьці.

«У вадзе застаюцца больш за 5 тысяч жылых дамоў. У зоне стыхіі знаходзяцца каля 30 тысяч чалавек, у тым ліку, больш за 8 тысяч дзяцей», — гаворыцца ў паведамленьні рэгіянальнага ўпраўленьня МНС.

Ад паводак пацярпелі больш за 420 тысяч гектараў пасеваў, пашкоджана 199 участкаў дарог мясцовага значэньня агульнай працягласьцю 463 кілямэтраў і 60 аўтамабільных мастоў.

Усяго з зон паводкі ў Прыамур'е эвакуявана 15,8 тысячы чалавек.