Помнік паўстанцам 1863-га ў Лёзненскім раёне патрабуе рамонту

Крыж у вёсцы Пагосьцішча

Аршанскія актывісты ўшанавалі памяць паўстанцаў 1863 году, наведаўшы вёску Пагосьцішча Лёзьненскага раёну, дзе атрад, якім камандаваў Ігнат Будзіловіч, быў разьбіты, а камандзір трапіў у палон.
Ігнат Будзіловіч стварыў у Аршанскім павеце атрад, зь якім рушыў на Бабінавічы і Лёзна. У бітве з расейскім войскамі, якая завязалася пад Пагосьцішчам, атрад быў разьбіты, Будзіловіча захапілі ў палон і празь некалькі месяцаў расстралялі ў Аршанскай турме.

У памяць пра тагачасныя падзеі з ініцыятывы настаўніцы Алены Грачышнікавай і вучняў Лёзьненскай школы № 1 у Пагосьцішчы 8 гадоў таму быў усталяваны самаробны помнік — горка з камянёў і крыж уверсе, а пад ім — шыльда са словамі Кастуся Каліноўскага «Бывай здаровы, мужыцкі народзе, жыві ў шчасьці, жыві ў свабодзе!»

Ускладанне кветак



З тае пары прайшло шмат часу, і помнік вымагае рамонту, кажа кіраўнік моладзевага аб’яднаньня «Зьвяз» Ігар Казьмярчак:

«Помнік гэты паставілі ў 2005 годзе. Ён стаіць пасярэдзіне вёскі, побач са стэлай у гонар загінулых у Вялікай Айчыннай вайне. Але да стэлы вядзе алейка, а гэты помнік — убаку. Відаць, што адмыслова яго ніхто не даглядае: крыж месцамі раскалоўся, выцьвілі літары надпісу „За незалежную Беларусь!“ Мы гэта ўсё паправім, дзе трэба — падфарбуем, абкосім траву вакол помніка і запросім нашых аднадумцаў з усёй Віцебшчыны прыехаць сюды напрыканцы жніўня, разам ушанаваць памяць Ігната Будзіловіча і ўсіх паўстанцаў аршанскага атраду, палеглых у баі пад Пагосьцішчам. Наведаем і тое месца, дзе Будзіловіч быў расстраляны.

Тагачасная аршанская турма месьцілася ў адрэстаўраваным цяпер будынку езуіцкага калегіюму. Расстрэлы, мы мяркуем, адбываліся пад сьценамі турмы — там, дзе цяпер абсталяваныя летнія кавярні. Падчас рэстаўрацыі гэтага будынка ў зямлі знаходзілі шмат костак, але ідэнтыфікаваць іх няма як, бо пахаваньні тут рабіліся на працягу некалькіх стагодзьдзяў. Хавалі і манахаў-езуітаў у 16-м стагодзьдзі, і вязьняў турмы, якая была тут у часы Расейскай імпэрыі, і ахвяраў сталінскіх рэпрэсіяў. Дзесьці тут былі і парэшткі інсургентаў, удзельнікаў паўстаньня Кастуся Каліноўскага, якіх разам з Ігнатам Будзіловічам захапілі ў палон».

Верагоднае месца расстрэлу Ігната Будзіловіча ў Воршы



Месца загубы паўстанцаў у Воршы нічым не адзначана. А да крыжа на месцы апошняга бою атрада пад кіраўніцтвам Ігната Будзіловіча аршанскія актывісты ўсклалі кветкі.

Яны спрабавалі распытаць мясцовых жыхароў, ці не захаваліся ад відавочцаў тых падзеяў нейкія аповеды пра інсургентаў. Але ніхто з нашчадкаў тагачасных жыхароў Пагосьцішча ня змог прыгадаць ні таго, дзе быў панскі маёнтак, у якім інсургентаў уначы захапілі ў палон, ні іншых дэталяў. Нават ня ўсе жыхары Пагосьцішча сёньня ведаюць, у гонар якіх падзеяў тут усталяваны помнік-крыж з надпісам «За незалежную Беларусь».