МЗС пацьвердзіў грамадзянства Маркіяновіч

Сьвятлана Маркіяновіч і Карына Кольцы ў палоне сырыйскіх паўстанцаў

Выкрадзеная ў Сырыі Сьвятлана Маркіяновіч мае грамадзянства Беларусі.
Міністэрства замежных спраў Беларусі пацьвярджае беларускае грамадзянства Сьвятланы Маркіяновіч, якую, як мяркуецца, выкралі ў Сырыі разам з малдаванкай Карынай Кольцы.

«Устаноўлена, што Сьвятлана Маркіяновіч — гэта грамадзянка Беларусі», — заявіў БелаПАН прэс-сакратар зьнешнепалітычнага ведамства Андрэй Савіных.

Тым ня менш зьвесткі пра тое, што Сьвятлана Маркіяновіч сапраўды трапіла ў палон да сырыйскіх паўстанцаў, Савіных камэнтаваць ня стаў:

«Ніякай інфармацыі, акрамя таго, што было заяўлена, распаўсюджваць ня будзем. Гэта робіцца ў інтарэсах бясьпекі», — сказаў ён.

Як перадае агенцтва Навіны-Малдова, Міністэрства замежных спраў і эўрапейскай інтэграцыі Малдовы 15 жніўня пацьвердзіла, што іх грамадзянка Карына Кольцы ўзятая ў палон у Сірыі. Цяпер прадстаўнікі міністэрства спрабуюць зьвязацца зь яе сваякамі.

Відэаролік пра тое, што дзьве жанчыны, якія назвалі сябе грамадзянкамі Беларусі і Малдовы Сьвятланай Маркіяновіч і Карынай Кольцы, трапілі ў палон да сірыйскіх паўстанцаў, быў апублікаваны на YouTube 9 жніўня. Зачытваючы сваю прамову зь ліста пад дуламі аўтаматаў, якія трымалі людзі ў чорных масках, жанчыны паведамляюць, што прыехалі ў Сырыю пад выглядам журналістак і працуюць на «Хізбалу».

Сьвятлана Маркіяновіч жыла з бабуляй у Жодзіне, ёй 30 гадоў.

Карэспандэнту Радыё Свабода ўдалося пагаварыць з братам выкрадзенай грамадзянкі Малдовы Леанідам Быдко. Той паведаміў, што 25 ліпеня Карына Кольцы зьехала «на заробкі»:

«Яна тэлефанавала мне тыдзень таму. Сказала, што яе скралі... Яна кажа, што скралі яе ў сяброўкі і яна цяпер разам зь ёй у палоне», — паведаміў ён. Нумар тэлефона, зь якога Карына Кольцы тэлефанавала першы раз, быў лібанскі. Другі раз, калі яна паведамляла пра выкраданьне, нумар ужо быў сырыйскі. Паводле яе слоў, яна цяпер у Сырыі. Карыне 32 гады. Ні сям’і, ні дзяцей яна ня мае. Пэўнай прафэсіі ў яе таксама няма.