Эгіпет: 525 забітых, 3500 параненых

Крывавы Эгіпет

Міністэрства аховы здароўя Эгіпту паведаміла, што загінулі 525 чалавек, а 3,5 тысячы былі параненыя ў выніку беспарадкаў у шэрагу гарадоў краіны пасьля гвалтоўнага разгону паліцыяй двух лягераў прыхільнікаў зрынутага прэзыдэнта Мухамэда Мурсі ў Каіры 14 жніўня.
«Браты-мусульмане», лідэрам якіх зьяўляецца зрынуты войскам прэзыдэнт Мурсі, кажуць, што ахвяраў нашмат больш.

Мухамэд Эль-Барадэй, ляўрэат Нобэлеўскай прэміі, адмовіўся ад пасады віцэ-прэзыдэнта Эгіпту на знак пратэсту супраць дзеяньня уладаў, якіх падтрымліваюць вайскоўцы.

Гвалт у Эгіпце асудзілі Турцыя, Іран, ЗША і Эўразьвяз.

Your browser doesn’t support HTML5

Сотні целаў у мячэці Каіра



Your browser doesn’t support HTML5

Надзвычайнае становішча ў Эгіпце


Your browser doesn’t support HTML5

Разгон лягераў у Каіры. Шмат ахвяраў



«Сёньняшнія падзеі вартыя жалю, яны супярэчаць эгіпэцкім памкненьням да міру і далучэньня ўсіх да сапраўднай дэмакратыі. Эгіпцяне, як тыя, якія падтрымліваюць урад, так і тыя, якія выступаюць супраць яго, павінны апамятацца. Ім трэба супакоіць сытуацыю і пазьбегчы далейшых ахвяраў. Мы таксама выступаем супраць вяртаньня надзвычайнага становішча і заклікаем урад паважаць асноўныя правы чалавека» — сказаў учора дзяржсакратар ЗША Джон Керы.

Прэм’ер-міністар Турцыі Рэджэп Эрдаган настойвае на скліканьні надзвычайнага пасяджэньня Рады Бясьпекі ААН у сувязі з крывавымі падзеямі ў Эгіпце.

«Я зьвяртаюся да краінаў Захаду. Вы маўчалі наконт Палестыны, Газы. Вы маўчалі наконт Сырыі. 100 тысяч людзей страцілі жыцьцё, а вы ўсё маўчыце. 400 тысяч чалавек шукае прытулку ў Турцыі, а вы ўсё маўчыце. Вы ўсё маўчыце наконт Эгіпту. Дык як вы можаце гаварыць пра дэмакратыю, свабоду, каштоўнасьці і правы чалавека» — сказаў Эрдаган у сваім эмацыйным выступе пра сытуацыю ў Эгіпце.

Дэмакратычна абраны прэзыдэнт Мухамэд Мурсі быў адсунуты ад улады і зьняволены эгіпэцкімі вайскоўцамі 3 ліпеня пасьля хвалі масавых пратэстаў супраць ягоных сувязяў з ісламістамі і супраць няздольнасьці ўраду спыніць пагаршэньне эканамічнай сытуацыі краіны.