Меркаваны прадзюсэр «Нявіннасьці мусульман» рыхтуецца да вызваленьня

Марка Басілі Юсэфа вядуць на допыт. Верасень 2012

Меркаваны прадзюсэр скандальнага фільму «Нявіннасьць мусульман», які выклікаў год таму масавыя акцыі пратэсту ў арабскіх краінах, быў пераведзены з фэдэральнай турмы ў Каліфорніі ў рэабілітацыйны цэнтар, дзе будзе адбываць апошні месяц свайго пакараньня, паведамляе агенцтва Reuters. Рэабілітацыйны цэнтар прызначаны для сацыяльнай адаптацыі зьняволеных да іх поўнага вызваленьня з-пад варты.
Ураджэнца Эгіпту Марка Басілі Юсэфа, паводле веравызнаньня — хрысьціяніна-копта, называюць адным са стваральнікаў стужкі «Нявіннасьць мусульман», у якім прарок Мухамад выстаўлены ў непрывабным сьвятле. У верасьні летась пасьля зьяўленьня ў інтэрнэце трэйлера гэтага фільму ў шэрагу мусульманскіх краінаў прайшлі масавыя акцыі пратэсту.

Найбольшага напалу пратэсты супраць стужкі летась увосень дасягнулі ў Эгіпце і Емэне, выступленьні былі адзначаны таксама ў Судане, Тунісе, Пакістане, Бангладэш і іншых краінах. У горадзе Бэнгазі на ўсходзе Лібіі радыкальна настроеныя ўдзельнікі пратэстаў штурмавалі консульства ЗША, пры гэтым загінулі чатыры чалавекі, у тым ліку амэрыканскі пасол. Гэты фільм быў прызнаны экстрэмісцкім і забаронены ў шэрагу краінаў.

У лістападзе 2012 года суд у Лос Анджэлесе прысудзіў Юсэфа да года турэмнага зьняволеньня за неаднаразовыя парушэньні правілаў умоўнага пакараньня па справе аб банкаўскім махлярстве. Паводле дадзеных абвінавачаньня, Юсэф парушаў умовы прынамсі восем разоў, у тым ліку хлусіў наглядным органам і насуперак забароне выкарыстаў псэўданімы.

Тэрмін пазбаўленьня волі Юсэфа заканчваецца 26 верасьня.