Беларуска і малдаванка ў сырыйскім палоне: сваякі пацьвердзілі выкраданьне

Жанчына, якая назвала сябе Сьвятланай Маркіяновіч (зправа)

На відэароліку беларуска называе сябе Сьвятланай Маркіяновіч і прызнаецца ў працы на групоўку «Хізбула» (абноўлена)
Падобныя ж прызнаньні робіць жанчына, якая называе сябе Карына з Малдовы.
Жанчыны кажуць, што іх прывезьлі ў Сырыю пад выглядам журналістак. Усё адбываецца пад дуламі аўтаматаў і ў прысутнасьці людзей у камуфляжы і балаклавах.

На сайце «Одноклассники» ёсьць профіль з фотаздымкамі жанчыны з такім жа імём і зьнешнім выглядам. Паводле яго Сьвятлане Маркіяновіч 30 гадоў, яна з Жодзіна. На адным з фотаздымкаў Сьвятлана ў салёне самалёта. Апошні раз яна заходзіла на сваю старонку 17 чэрвеня.

Леанід Быдка, брат Карыны Кольца, якая знаходзіцца ў палоне ў сырыйскіх паўстанцаў разам зь беларускай Сьвятланай Маркіяновіч, паведаміў, што яна выехала 25 ліпеня «на заробкі».

«Яна званіла мне тыдзень таму. Сказала, што яе выкралі. Я сказаў, што ня ведаю, што рабіць. Тады яна мне сказала, каб я пайшоў да той жанчыны, якая яе сюды адправіла. Я пытаюся, як цябе выкралі. Яна кажа, што выкралі яе ў сяброўкі, і яна зараз знаходзіцца зь ёю ў палоне».

Па словах брата, Карына выехала 25 ліпеня «працаваць», аднак краіны ён ня ведае. Нумар тэлефона, зь якога яна званіла першы раз, быў з Лівана. Другі раз, калі яна паведамляла пра выкраданьне, нумар быў сырыйскі. Яна таксама паведаміла, што знаходзіцца ў Сырыі.

Карыне 32 гады, яна ня мае сям’і, дзяцей і пэўнай прафэсіі. Брат Карыны дагэтуль не зьвяртаўся да праваахоўных органаў.



«Хізбула» — шыіцкая ісламісцкая тэрарыстычная арганізацыя і палітычная партыя, заснаваная ў Ліване. Дзейнічае больш за 30 гадоў. Яе цяперашні лідар — Хасан Насрала. Колькасьць удзельнікаў па розных падліках вагаецца ад некалькіх тысяч да некалькіх дзясяткаў тысяч чалавек. Знакамітая гучнымі тэрарыстычнымі акцыямі. Выдатна ўзброеная і валодае высокатэхналягічным абсталяваньнем. Мае ўласны спутнікавы тэлеканал і радыёстанцыю.