Лукашанец заступіўся за трасянку

Фрагмэнт плякату Ўладзіміра Крукоўскага «Білінгвізм»

Да трасянкі трэба ставіцца як да натуральнай зьявы.

Такую думку сёньня выказаў старшыня Міжнароднага і Беларускага камітэтаў славістаў, член-карэспандэнт Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Аляксандар Лукашанец.

Яе паведамляе БЕЛТА, вядомы мовазнаўца, дырэктар Інстытуту мовы і літаратуры імя Якуба Коласа і Янкі Купалы Нацыянальнай акадэміі навук зьвярнуў увагу, што зьмешваньне дзьвюх моў — не спэцыфічна беларуская праблема:

«Гэта натуральная зьява для шматмоўных грамадзтваў, актуальная, напрыклад, і для Ўкраіны, мяжы Польшчы і Нямеччыны, — сказаў Аляксандар Лукашанец. — Да трасянкі трэба ставіцца як да натуральнай зьявы. Нават у аднамоўных краінах на літаратурнай мове размаўляе адносна невялікая, высокаадукаваная частка грамадзтва. Зьмешаная гаворка — рэалія любой сучаснай камунікатыўнай прасторы».

Апрача таго, Лукашанец падкрэсьліў, што ў школах дзеці атрымліваюць дастатковыя веды па беларускай мове:

«Сыстэма сярэдняй адукацыі сёньня дае дастатковыя веды па беларускай і расейскай мовах, каб выкарыстоўваць іх паралельна».

Веданьне беларусамі роднай мовы Аляксандар Лукашанец ацаніў як даволі высокае, таму адкрываць у краіне спэцыяльныя курсы па беларускай мове ён ня бачыць неабходнасьці. Лукашанец лічыць, што большасьць беларусаў зь лёгкасьцю загавораць па-беларуску без спэцыяльных курсаў, калі пачнуць часьцей карыстацца роднай мовай на практыцы.