Супрацоўніцу Маладэчанскага райсуду пакаралі

У Маладэчне загадчыцу архіву раённага суду спадарыню Сівец прыцягнулі да дысцыплінарнай адказнасьці за тое, што яна не падрыхтавала адказ на запыт грамадзяніна.
Зварот накіроўвала жыхарка Маладэчна Алеся Садоўская, якая другі год спрабуе праз суд і праваабарончыя арганізацыі даказаць, што яе беспадстаўна спрабавалі прыцягнуць да адміністратыўнай адказнасьці. Аднак адказу з суду спадарыня Садоўская так і не дачакалася, паведамляе праваабарончы цэнтар «Вясна».

Скаргу на бязьдзеяньне супрацоўнікаў суду жанчына накіравала ў Галоўнае ўпраўленьне юстыцыі Менаблвыканкаму.

У адказе за подпісам першага намесьніка начальніка Ўпраўленьня Баразны С.В. адзначана, што довады аб неразглядзе судом звароту знайшлі пацьверджаньне.

«За дапушчаныя парушэньні загадчык архіву суду Маладэчанскага раёну Сівец Д.Л, якой было даручана разгледзець і падрыхтаваць адказ, будзе прыцягнута да дысцыплінарнай адказнасьці», — паведамляецца ў адказе на зварот.