У Беларусь прыйдзе рэкордная сьпёка

Надвор’е ў Беларусі фармуе гарачае паветра трапічных шыротаў, у краіну прыйшла моцная сьпёка, якая нясе небясьпеку здароўю.
У бліжэйшыя суткі, 9 жніўня, у Берасьцейскай вобласьці абвешчаны чырвоны ўзровень небясьпекі, на астатняй тэрыторыі Беларусі — аранжавы.

Як паведамілі ў Беларускім рэспубліканскім гідрамэтэацэнтры, у цэлым па краіне чакаецца невялікая воблачнасьць, пераважна без ападкаў, вецер паўднёвы да 4–9 мэтраў у сэкунду, тэмпэратура паветра ўначы складзе плюс 15–22 градусы, днём будзе ад +30 да +34, на паўднёвым захадзе краіны — да +35 градусаў.

10 жніўня трапічныя паветраныя масы пасуне атмасфэрны фронт з Заходняй Эўропы. Ноччу па захадзе, днём і ў цэнтральных раёнах чакаюцца кароткачасовыя дажджы, навальніцы, месцамі моцныя ліўні, град, пры навальніцах месцамі шквалісты вецер.

Але тэмпэратура не спадзе: ноччу 17–22 градусы, днём — да +34 °C.