Дзе была праская друкарня Скарыны?

Калі ў 90-я гады Радыё Свабода пераехала ў Прагу, мне давялося трапіць з адным з чэскіх беларусістаў Мілаславам Зімам на Старамесцкі пляц у цэнтры чэскай сталіцы. Памятаю, як я аслупянеў, калі спадар Зіма проста і без эмоцыяў паказаў на адзін з дамоў і сказаў, што тут, на другім паверсе, была друкарня Скарыны...

Прайшло шмат гадоў, няма ўжо на сьвеце Міласлава Зімы, а я ўсё не магу суняць хваляваньня, калі падыходжу да гэтага дому або прыводжу туды гасьцей і сяброў. І яшчэ больш хваляваньня надае думка, што Скарына бачыў амаль усе навакольныя дамы, храмы і вулкі, бо яны тады ўжо былі.

Сам дом, дзе была друкарня, пабудаваны ў 1371 годзе. За сваю доўгую гісторыю ён зьмяніў ня менш за пяць назваў (такая ў чэхаў традыцыя — даваць дамам назвы). Са страчаных мне найбольш падабаецца «U Zlatého pelikána». Але да ХХІ стагодзьдзя дайшлі дзьве назвы, якія абедзьве цяпер выкарыстоўваюцца. Гэта «U čapů» і «U bílého anděla». Першая зь іх, самая старажытная, зьвязана з тым, што некалі на франтоне былі намаляваныя буслы, а другая, магчыма, з паданьнем, што некалі там зьяўляўся белы прывід маладое маці, якая коштам свайго жыцьця ўратавала сына і, як анёл-ахоўнік, блукала па доме, пакуль сын не дасягнуў паўналецьця. Вельмі сымбалічна, што народжаны ў краіне буслоў Скарына друкаваў беларускія кнігі ў доме з такой "беларускай" назвай — "У буслоў".

Першапачаткова гатычны, гэты дом у XVI стагодзьдзі быў перабудаваны ў стылі Рэнэсансу, а ў XVІI стагодзьдзі — у стылі Барока. Таму сёньня ў зьнешнім выглядзе будынак колішняй друкарні спалучае прыкметы ўсіх трох стыляў.

Вось гэты шэра-зялёны дамок:



Так ён выглядае ў фронце забудовы паўднёвага боку Старамесцкага пляцу Прагі:



Так выглядаюць дамы ў фронце забудовы паўднёвага боку пляцу зьлева ад друкарні. У часы Скарыны яны ўжо былі:



Гэта фрагмэнт першага паверху друкарні:



Гатычнае скляпеньне другога паверху друкарні:



Адно з памяшканьняў на другім паверсе друкарні:



Паводле чэскіх беларусістаў Вацлава Жыдліцкага і Міласлава Зімы, друкарня Скарыны была ў гэтым памяшканьні. У часы Готыкі і Рэнэсансу столі часта былі драўляныя:



Выгляд з акна друкарні на легендарны праскі Арлой — астранамічныя куранты 1410 году на вежы гатычнай ратушы. Скарына мог падчас працы паглядаць у гэтае вакно:



Аркада друкарні Скарыны (чырвоныя скляпеньні) злучаецца з аркадамі суседніх будынкаў. Рынкі ў сярэднявеччы атачалі аркадамі, каб гандляры там маглі хаваць ад дажджу свой тавар:



Суседняя з друкарняй вуліца Мэлантрыхава, па якой мог ня раз хадзіць Скарына:



Будынак старажытнай аптэкі насупраць друкарні. Скарына мог там купляць лекі. Будынак у вэнэцыянскім стылі, размаляваны ў тэхніцы сграфіта (шкрабаніна па сырым тынку) Сярод выяваў — Адам і Эва пад дрэвам пазнаньня дабра і зла, шэсьце Бахуса і інш.:



Усходні бок Старамесцкага пляцу. Усе гэтыя будынкі за часамі Скарыны ўжо існавалі (некаторыя да нас дайшлі перабудаваныя). Значыць, ён іх бачыў:



Гатычны сабор Панны Марыі перад тынам (Chrám Panny Marie Před Týnem) у часы Скарыны меў ужо такі выгляд:



Шыкоўны дом «U zvonu», пабудаваны ў першай палове XІV стагодзьдзя ў стылі карункавай вэнэцыянскай готыкі з вэнэцыянскім шатром. У ім адразу пасьля пераезду ў Прагу ў сярэдзіне XІV стагодзьдзя жыў імпэратар Сьвятой Рымскай імпэрыі, гарачы патрыёт Чэхіі Карл ІV:


У Празе ёсьць яшчэ шмат месцаў, зьвязаных з прысутнасьцю Францішка Скарыны ў гэтым фантастычным па прыгажосьці эўрапейскім славянскім горадзе.

Але будынак друкарні і яго навакольле — асаблівае месца, і для нас, беларусаў, сакральнае.