Менскія ўлады даюць надзею помніку Каліноўскаму

Ініцыятыўная група, якая зьбірала подпісы за ўсталяваньне помніка нацыянальнаму герою Кастусю Каліноўскаму, атрымала адказ ад менскіх уладаў.
Ліст на імя ініцыятара, Алега Корбана, прыслаў намесьнік старшыні менскага гарвыканкаму, кіраўнік праўладнай кампартыі Ігар Карпенка.

Спадар Карпенка паведамляе, што ў адпаведнасьці з заканадаўствам помнікі выбітным дзеячам усталёўваюцца на падставе заключэньняў Міністэрства культуры і пасьля ўзгадненьня з Аляксандрам Лукашэнкам ды вызначэньня крыніц фінансаваньня.

Менскі навукова-дасьледчы інстытут сацыяльна-эканамічных праблем распрацаваў навуковую канцэпцыю, у сувязі зь якою ў Менску заплянаваныя да ўсталяваньня ў 2012–2017 гадах канкрэтныя творы манумэнтальнага і манумэнтальна-дэкаратыўнага мастацтва.

«Гэтай канцэпцыяй не прадугледжаная ўстаноўка ў Менску помніка К. Каліноўскаму. Аднак, прымаючы да ўвагі неаднаразовыя звароты грамадзян па гэтым пытаньні, інстытуту даручана даць заключэньне аб мэтазгоднасьці ўсталяваньня такога помніка ў горадзе Менску», — напісаў Карпенка.



«Такі адказ ад сталічных чыноўнікаў даволі прадказальны. Бачна, ніхто з іх не гатовы браць на сябе адказнасьць за узьвядзеньне помніка Каліноўскаму, бо бачаць у гэтым палітыку і, канешне ж тое, што кіраўніцтва краіны не жадае бачыць пад сваім носам помнік Каліноўскаму, які падняў народ на паўстаньне. Але, зважаючы на калектыўны зварот з 4000 подпісамі жыхароў, яны вымушаны ставіцца да гэтага сур’ёзна, з вынясеньнем гэтага пытаньня на адмысловае абмеркаваньне сярод ідэолягаў, Міністэрства культуры і г.д. Паколькі чыноўнікі зацягваюць з канчатковым адказам, мы (ініцыятары кампаніі) вырашылі накіраваць адпаведны зварот да прэзыдэнта Беларусі, каб паскорыць працэс прыняцьця рашэньня. Паводле сёньняшняга атрыманага адказу, відавочна, менавіта за Аляксандар Лукашэнка будзе мець апошняе слова па справе помніка Каліноўскаму»,— пракамэнтаваў Свабодзе адказ з гарвыканкаму ініцыятар збору подпісаў Алег Корбан.

Зварот у гарвыканкам аб усталяваньні помніка Каліноўскаму быў накіраваны 9 ліпеня. Актывісты даслалі лісты кіраўніку Менскага гарсавету дэпутатаў, міністру культуры, старшыні Менгарвыканкаму.

Усяго было сабрана 4000 подпісаў за помнік Каліноўскаму ў Менску, 3500 зь іх былі пасланыя ўладам.

Кампанію зьбіраньня подпісаў сярод жыхароў Менску за будоўлю помніка лідэру нацыянальна-вызвольнага паўстаньня 1863–1864 гадоў Кастусю Каліноўскаму правялі актывісты грамадзкай арганізацыі «Альтэрнатыва». Яны ж і прапанавалі месца будучага помніка: сквэр, які пачынаецца з вуліцы Каліноўскага, побач з праспэктам Незалежнасьці. Паблізу — Усходнія могілкі, дзе пахаваныя дзеячы беларускай культуры, штогод тут праходзіць шэсьце ў Курапаты.

Актывісты зазначаюць добрае стаўленьне жыхароў Менску да іхняй ініцыятывы. Людзі ведаюць, хто такі Каліноўскі, разумеюць важнасьць паўстаньня пад ягоным кіраўніцтвам.