Магілёў: актывістку затрымалі за паштоўкі пра Бяляцкага

У цэнтры Магілёва супрацоўнікі АМАПу затрымалі моладзевую актывісту Дыяну Якаўлеву.
Яна раздавала мінакам паштоўкі зь інфармацыяй пра Алеся Бяляцкага.

Двое супрацоўнікаў міліцыі адвялі дзяўчыну ў пастарунак і сказалі, што яна затрымліваецца для высьвятленьня асобы.

Дыяна Якаўлева брала ўдзел у акцыі з нагоды Міжнароднага дня салідарнасьці з грамадзянскай супольнасьцю і праваабаронцамі Беларусі.

Пасьля апытаньня актывістку выпусьцілі з пастарунку.

Як паведаміла «Свабодзе» Дыяна, яна ўпершыню брала ўдзел у публічнай акцыі інфармаваньня грамадзкасьці пра сытуацыю з правамі чалавека ў Беларусі і нягледзячы на затрыманьне не шкадуе пра гэта.

Праваабаронца Дыяна Якаўлева


«Яны выпытвалі ў мяне, дзе я ўзяла паштоўкі, хто мне кажа пра апазыцыйныя ідэі, дзе знаходзіцца ў Магілёве офіс «Вясны». Яны так называлі яго. Я сказала, што сёньня дзень салідарнасьці зь Бяляцкім і я раздавала паштоўкі. Віны я за сабой ніякай не адчуваю. Я хацела паінфармаваць людзей, што ў нас ёсьць чалавек, які займаўся абаронай людзей і цяпер ён у турме», заявіла Дыяна Якаўлева.

Праваабаронца Аляксей Колчын


Калі дзяўчыну апытвалі, у пастарунак зайшоў магілёўскі праваабаронца Аляксей Колчын і заявіў, што гэта ён даў Дыяне паштоўкі. На пытаньні міліцыянтаў актывіст адмовіўся адказваць. Назваў толькі сваё імя і месца жыхарства. Пасьля фармальнасьцяў, зьвязаных з апытаньнем, Аляксея Колчына таксама адпусьцілі

Ні Якаўлевай, ні Колчыну міліцыянты не сказалі, што іх чакае далей.

Паштоўкі, за якія затрымалі Дыяну Якаўлеву