Выйсьці зь беларускага грамадзянства будзе даражэй

Міністэрства фінансаў прапануе павялічыць у 2014 годзе шэраг збораў за консульскія дзеяньні беларускіх дыппрадстаўніцтваў за мяжой.
У праекце зьмяненьняў і дапаўненьняў у Падатковы кодэкс збор за разгляд заявы аб выхадзе з грамадзянства Рэспублікі Беларусь павялічаны з 175 да 250 эўра, выдачу (абмен) пашпарта грамадзяніна Беларусі для пастаяннага пражываньня за межамі краіны — з 20 да 40 эўра, абмен пашпарта грамадзяніна Беларусі, які пражывае на яе тэрыторыі, — з 60 да 100 эўра.

Стаўка збору за аднаразовае прадаўжэньне тэрміну дзеяньня пашпарта грамадзяніну Беларусі, які часова выехаў з краіны, можа быць павышана з 10 да 20 эўра, пры гэтым словы «аднаразовае прадаўжэньне» прапануецца замяніць на «разгляд заявы аб аднаразовым прадаўжэньні».

Акрамя таго, Мінфін ініцыюе павелічэньне збораў за ажыцьцяўленьне шэрагу натарыяльных дзеяньняў дыппрадстаўніцтвамі, паведамляе БелаПАН.