Доказ цнатлівасьці за 100 даляраў

Актывісткі выступаюць супраць праверак нявест на цнатлівасьць

У Грузіі, каб даказаць цнатлівасьць маладой, ужо не вывешваюць пасьля шлюбнай ночы прасьціны: даведкі аб пацьвярджэньні цнатлівасьці выдае адмысловае экспэртнае бюро.
Нядаўні тэлевізійны сюжэт аб дзейнасьці Нацыянальнага бюро судовай экспэртызы Грузіі, паказаны мясцовай тэлекампаніяй «Імэды», выклікаў пратэст сярод фэміністак. У сюжэце лекар бюро судовай экспэртызы апісваў працэс агляду спэцыялістамі маладых жанчын на прадмет цэласьці іх дзявоцкай плеўкі. Паведамлялася, што за год тут правялі каля 200 такіх аглядаў.

Актывістка незалежнай групы фэміністак Нація Гвіянішвілі лічыць, што час брацца за так званы «інстытут некранутасьці» — уяўленьне некаторых грузінаў аб тым, што значэньне жанчыны, як будучай жонкі і маці, абапіраецца амаль выключна на яе дашлюбную цнатлівасьць.

— Мы заклікаем бюро судовай экспэртызы спыніць прадстаўленьне такіх відаў паслуг. Ідэя ліквідацыі «інстытута некранутасьці» заключаецца ў тым, каб сэксуальнасьць і сэксуальныя паводзіны жанчыны разглядаліся на роўных з мужчынскай сэксуальнасьцю, — кажа Нація Гвіянішвілі.

Нягледзячы на тое, што ў сюжэце «Імэды» казалі самі супрацоўнікі бюро, неўзабаве на іх афіцыйным сайце была апублікаваная заява, што праверка на некранутасьць ажыцьцяўляецца толькі па пастанове суду ў выпадках гвалту. Пры гэтым выдачу даведак для нявест і іншых маладых жанчын бюро адмаўляе.

У сюжэце «Імэды» паведамляецца, што большасьць тых дзяўчат, хто прыйшлі на агляд некранутасьці, былі прыведзеныя іхнымі маці, жаніхамі ці сьвякроўкамі. За атрыманьне даведкі аб іх нявіннасьці яны плацілі 100-200 даляраў.

Калі ж дзяўчына не прайшла гэтую праверку, то гэта лічыцца дастатковай падставай для адмены вясельля, і нават блізкія сваякі могуць адвярнуцца ад вінаватай. Доказ некранутасьці ў грузінскім грамадзтве настолькі важны, што некаторыя жанчыны зьвяртаюцца да хірургаў для аднаўленьня цнатлівай плеўкі. Гэтая дарагая працэдура праводзіцца непасрэдна перад вясельлем.

Адзін хірург распавёў, што праводзіў такую хірургічную апэрацыю нават 40-гадовай жанчыне, якая жадала аднавіць некранутасьць з нагоды свайго другога шлюбу.

Крывадушнасьць грамадзкіх нораваў

Крытыкі кажуць, што гэтыя працэдуры наўрад ці менш барбарскія, чым састарэлы звычай выстаўляць напаказ скрываўленую прасьціну на наступную раніцу пасьля вясельля. Іншыя ж абураныя відавочнай крывадушнасьцю грамадзкіх нораваў, якія настойваюць на некранутасьці, але пры гэтым заахвочваюць мужчын да раньніх сэксуальных кантактаў.

Доктар філязофіі Тата Цапурашвілі кажа, што ў выніку першы сэксуальны кантакт у мужчын часта адбываецца з прастытуткамі — вопыт, які можа нанесьці ім працяглую траўму.

— Мужчыны, дарэчы, таксама траўмаваныя «інстытутам некранутасьці» і прыгнечаныя з культурнага пункту гледжаньня, таму што пазбаўленыя права мець першы сэксуальны досьвед з чалавекам, якога любяць. Замест гэтага яны атрымліваюць яго праз працаўнікоў сэкс-індустрыі, — адзначае Тата Цапурашвілі.



Праціўнікі праверкі на некранутасьць таксама кажуць, што ўрад Грузіі, якая зьяўляецца ўдзельнікам Канвэнцыі ААН па ліквідацыі дыскрымінацыі ў адносінах да жанчын, не павінен дапускаць, каб яго ўстановы праводзілі тэсты на некранутасьць, якія выклікаюць рознагалосьсі.

Некаторыя афіцыйныя асобы заявілі, што праверка на некранутасьць зьяўляецца ударам па іміджы Грузіі як прагрэсіўнай дэмакратычнай краіны. У сваім выступе 31 ліпеня міністар юстыцыі асудзіла тэсты як прыкмету «адсталасьці».

Але член парлямэнцкага камітэту па пытаньнях аховы здароўя Грузіі Гугулі Маградзе не пагадзіўся, заявіўшы, што «калі попыт на гэтую паслугу ёсьць, урад ня можа забараніць яе».