Здаецца, у адным з раманаў Ежы Касінскага, амэрыканскага пісьменьніка польскага паходжаньня, ёсьць неблагое апісаньне таго, зь якім захапленьнем беспрытульны яўрэйскі хлопчык разглядвае эсэсаўскага афіцэра. Той выклікае ў хлопчыку пачуцьцё амаль што экстазу: чорная форма, бліскучыя боты, чарапы і маланкі, свастыка, нават гузікі... і ўсё гэта ў спалучэньні зь «ісьцінна арыйскай» зьнешнасьцю і высачэзным ростам. Хлопчык ведае, што гэта — сьмерць, і ўсё адно нешта трымціць у ім, нешта ў гэтым эсэсаўцы яго неадольна гіпнатызуе...
Ня раз даводзілася чуць — ад розных людзей: «Нацысты, вядомы, былі тыя яшчэ сволачы, але форма прыгожая...» І гэта страшныя словы: нават у тым індывідуўме, які зусім не пераймаецца нейкім там мастацтвам, жыве пераборлівы і жорсткі эстэт, і абавязкова надыдзе момант, калі форма для яго пераможа зьмест, а эстэтыка пакладзе этыку на лапаткі. І тады — пішы прапала. Так мы зробленыя — на гора самім сабе.
Сапраўды, інфэрнальная, ваяўнічая, а разам з тым падкрэсьлена гульнёвая, кніжная і заўжды яркая эстэтыка нацызму здольная пэўны час дурыць галовы хлопчыкам і дзяўчаткам і даволі эфэктыўна ўзьдзейнічаць на неакрэплыя дзіцячыя душы. Гэта эстэтыка, якая сьлепіць, якая хвалюе, якая прапануе зрабіцца героем зараз жа, неадкладна, якая падаўляе — і разам з тым вызваляе цёмныя сілы, якія дрэмлюць у кожным, каго некалі недалюбілі.
У сямідзясятыя шмат каму здавалася, што той бліскучай чэрапна-мазгавой эстэтыцы прыйшоў канец. Высьветлілася, аднак, што яна больш жывучая, чым здавалася ў Нюрнбэргу, што яна нікуды не падзелася, затаіўшыся ў падсьвядомасьці мільёнаў людзей. У тым ліку так званых савецкіх. Адчыніць клетку гэтага монстра і пацешыць грамадзянаў дзіўным чынам было наканавана простай расейскай кабеце на імя Тацяна Ліёзнава. Савецкай кінарэжысэрцы, якая ачалавечыла нацызм і нацыстаў так, як не ўдавалася ні Розэнбэргу, ні Гёбэльсу, ні аддзелу прапаганды РСХА.
11 жніўня 1973 году яе сэрыял «Сямнаццаць імгненьняў вясны» выйшаў на экраны СССР. Ужо праз тры месяцы быў паўтор — нечуваны посьпех, дванаццаць мяхоў лістоў: ваенна-патрыятычная «Рабыня Ізаўра», у ролі Ізаўры сам Ціханаў. «У гэтай форме ён такі мусчіна...»
Ну яшчэ б. Чэмпіён Бэрліну па тэнісе — адны гэтыя словы натхнялі на тое, каб сёньня ж нелегальна перайсьці дзяржаўную мяжу. А яны ж там усе чэмпіёны. Абаяльны весялун Мюлер. Душка Борман. Сапраўдны мужык Кальтэнбрунэр. Прыгажун Вольф. Бедны Айсман. Коцік Шэленбэрг. Міляга Холтаф. «І другіе»: дзясяткі абсалютна праўдападобных пэрсанажаў, месца якіх на шыбеніцах — а яны закахалі ў сябе ўвесь савецкі народ. І форма, форма... Ну, і Штырліц на вышыні — сапраўдны арыец. Савецкая душа адчувала тут нешта сваё, неад’емнае, тое, што радзімай завецца і рвецца на «волюшку-волю», рабскае, роднае... А фюрэр? Як жывы! Пад яго кінастудыя імя Горкага адмыслова выпісала прафэсійнага гітлера з ГДР Фрыца Дыца.
Дыцу гэтае яго амплюа даўно абрыдла — часам угаворваць яго паехаць на здымкі да савецкіх сяброў даводзілася самому таварышу Гонэкеру. «Ну што табе, цяжка, Фрыц?» — казаў Гонэкер. — «Чолкаю патрасеш, пакрычыш, па стале пагрукаеш — і дзялоў! Зрабі гэта апошні раз, дзеля фройндшафту!» Дыц сьціскаў зубы і ехаў. Вяртаўся ў Бэрлін — і тут зноў званіў тэлефон. «Паклічце, калі ласка, таварыша Гітлера», — чуўся голас супрацоўніка савецкай амбасады: часам расейскія сябры забываліся, як яго завуць. Дыцам карысталіся, пакуль ён не памёр — але і потым у ягонай кватэры чуліся тыя званкі і тыя самыя патрабавальныя галасы.
Сьвет, які стварыла Тацяна Ліёзнава, ня быў сьветам Трэцяга Райху. Гэта быў хутчэй Савецкі Саюз — дзеля гульні пафарбаваны ў нацысцкія колеры. Савецкі Саюз такі, якім яго адчувалі ягоныя грамадзяне — якія яшчэ памяталі Сталіна. Пра сэкунды звысака ня думалі ні ў гітлераўскай Нямеччыне, ні ў часы правадыра народаў. У кожнага імгненьня свой рэзон, у сэнсе — рацыя, і адзінае талковае, што Юстас мог перадаць па ёй Алексу, гэта пасланьне пра тое, што ён адчувае сябе тут як дома.