BelToll апраўдваецца за чэргі

Апэратар нацыянальнай электроннай сыстэмы збору платы за праезд па шэрагу аўтадарог Беларусі заявіў, што перавозчыкі маглі загадзя паклапаціцца аб рэгістрацыі ў сыстэме і атрыманьні бартавой прылады, а не стаяць цяпер у чэргах.
«Рэгістрацыя ў сыстэме пачалася яшчэ 3 чэрвеня, выдача бартавых прыладаў — 21 чэрвеня. У сумежных краінах актыўна вялася інфармацыйная кампанія аб плянаваным увядзеньні сыстэмы ў Беларусі», — заявілі ў прэсавай службе апэратара сыстэмы ЗТАА «Капш Тэлематыка Сэрвісіз», камэнтуючы Інтэрфаксу інфармацыю пра вялікія чэргі ў пунктах абслугоўваньня.

Атрымаць бартавую прыладу можна ў любым з 48 пунктаў абслугоўваньня кліентаў, якія разьмешчаныя ўздоўж сеткі платных дарог, а таксама ў абласных цэнтрах. Раней Мінтранс Беларусі і інвэстар пайшлі насустрач кіроўцам і перанесьлі пачатак камэрцыйнай эксплюатацыі сыстэмы з 1 ліпеня на 1 жніўня з прычыны невялікай колькасьці зарэгістраваных у BelToll карыстальнікаў.

1 жніўня сыстэма BelToll пачала функцыянаваць: за праезд па асобных дарогах спаганяецца плата ў аўтаматычным рэжыме, пры выяўленьні парушальнікаў будуць выпісвацца штрафы. Да 9.00 чацьвярга сыстэма абслужыла 22 тысячы 740 карыстальнікаў, у якасьці платы за карыстаньне дарогамі было сабрана каля 590 мільёнаў рублёў.

За гэты ж час выяўлена каля 340 парушальнікаў, якія праігнаравалі ўвядзеньне сыстэмы.

На першым этапе сыстэмай ахоплена 815 кілямэтраў аўтадарог, у тым ліку траса M1/E30 (Берасьце — Менск — мяжа Расейскай Фэдэрацыі) і ўчасткі дарог зь Менску на Нацыянальны аэрапорт, Віцебск, Магілёў, Гомель, Гародню. Інвэстарам праекту выступае аўстрыйская кампанія Kapsch TrafficCom, якая накіруе на яго рэалізацыю 267 мільёнаў эўра, у тым ліку ўжо інвэставала 120 мільёнаў.

Плаціць трэба беларускім уладальнікам грузавікоў і аўтобусаў, а таксама замежным грамадзянам на ўсіх тыпах машын.

Your browser doesn’t support HTML5

Кіроўцы: сыстэма BelToll працуе са збоямі


Уладальнікам легкавых аўтамабіляў, зарэгістраваных па-за межамі Мытнага зьвязу, давядзецца плаціць 0,04 эўра за 1 кілямэтар, беларускім і замежным вадзіцелям аўтатранспарту з тэхнічна дапушчальнай агульнай масай больш за 3,5 тоны з двума восямі плата складзе 0,08 эўра, з трыма восямі — 0,10 эўра, чатырма і больш восямі — 0,12 эўра за кілямэтар.

Учора і сёньня на межах Беларусі ля пунктаў абслугоўваньня BelToll стаялі вялікія чэргі.