Баранавічы: 2 мільёны штрафу за «Мілавідзкі фэст»

Віктар Сырыца

Грамадзкі актывіст Віктар Сырыца атрымаў пакараньне ў 2 мільёны штрафу за ўдзел у мерапрыемствах, прысьвечаных 150-годзьдзю Мілавідзкай бітвы.
Судзьдзя Баранавіцкага суду Кацярына Груда палічыла спадара Сырыцу вінаватым у арганізацыі несанкцыянаванага масавага мерапрыемства.

Гэтым мерапрыемствам быў фэст у Мілавідах, каля помніка найбуйнейшай бітве паўстаньня 1863 году.

Віктар Сырыца не прызнаў сябе вінаватым у арганізацыі забароненай акцыі. Ён распавёў, што ўдзельнічаў у мерапрыемстве, якое было абвешчана раённымі ўладамі. Сапраўды, акцыя каля помніка ў Мілавідах адбылася ў дзень і час, прызначаны Баранавіцкім райвыканкамам. Толькі самі чыноўнікі на сваю абвешчаную акцыю не прыйшлі. А празь некаторы час пасьля яе заканчэньня на Віктара Сырыцу склалі пратакол.

Дарэчы, пратакол міліцыянты перапісвалі тры разы, бо суд тройчы накіроўваў яго «для выпраўленьня памылак».