Зьдзекі з маладых геяў у Расеі выклікалі пратэсты ў ЗША

У інтэрнэце зьявілася сэрыя шакуючых відэа-кліпаў пра запалохваньне і зьдзекі з маладых геяў у Расеі. На думку ЛГБТ-актывістаў, гэта зьяўляецца прыкметай таго, што крамлёўская кампанія супраць «прапаганды гомасэксуалізму» правакуе гвалт на глебе гамафобіі. У Вашынгтоне і Нью-Ёрку ў сувязі з гэтым адбыліся акцыі салідарнасьці з расейскімі геямі. Карэспандэнт Радыё Свабода ў Маскве Том Болмфарт падрыхтаваў рэпартаж пра сытуацыю ў Расеі.
Некаторых падлеткаў на відэа прымушалі піць мачу або паліваць ёй галаву, на іншых маладзёнаў дражнілі фалаімітатарамі, пагражалі ім сякерамі і прымушалі несьці драўляныя расьпяцьці.

Гэта пераказ толькі некалькіх з мноства шакуючых відэа, зьнятых бандай нацыяналістаў у Каменск-Уральску — горадзе з 175-тысячным насельніцтвам, разьмешчаным ля Ўральскіх гор. Некаторыя маладыя людзі былі сфатаграфаваныя пасьля таго, як іх прывабілі праз інтэрнэт магчымасьцю рамантычнай сувязі зь іншымі маладымі мужчынамі, у некаторых выпадках непаўналетнімі. А іншыя былі злоўленыя проста на вуліцах гораду.

ВІДЭА 1

ВІДЭА 2

Заяўленая мэта гэтых відэа-ролікаў: «лячыць» гэтых маладых людзей ад іх гомасэксуальнасьці.

Паводле праваабаронцаў, рост такіх тэндэнцыяў зьяўляецца прыкметай таго, што гамафобія ў Расеі становіцца ня толькі ўсё больш пашыранай, але і больш агрэсіўнай. Актывісты вінавацяць у гэтым новы спрэчны закон, які забараняе так званую «прапаганду гомасэксуалізму» і які быў аднагалосна ўхвалены Дзяржаўнай Думай Расеі і падпісаны прэзыдэнтам Уладзімерам Пуціным у мінулым месяцы.

Мікалай Аляксееў, заснавальнік гей-параду ў Расеі, лічыць, што закон пасылае няправільныя сыгналы для грамадзтва і ў сьвядомасьць некаторых людзей, што адкрывае шлях да легітымізацыі гвалту ў дачыненьні да ЛГБТ-супольнасьці:

«Гэтым законам яны атрымалі карт-блянш на ўсе свае дзеяньні. Яны атрымалі сыгналы ад найвышэйшых службовых асоб у дзяржаве — ад Думы, ад прэзыдэнта — што ў прынцыпе вы можаце рабіць усё, што вы хочаце, калі гэта тычыцца геяў, таму што яны не зьяўляюцца грамадзянамі першага гатунку, яны зьяўляюцца другім гатункам ці нават трэцім».

Сапраўды, такія групы, як згаданая ў Каменск-Уральскім, належаць да шырокай сеткі расейскіх груповак, якія дзейнічаюць пад лёзунгам «Оккупай-педофиляй». Гэтыя групы да гэтага часу карысталіся амаль поўнай беспакаранасьцю за сваё абыходжаньне з гомасэксуалістамі. Не была заведзеная ніводная крымінальная справа, і гэтыя групоўкі, здаецца, нават карыстаюцца маўклівай афіцыйнай падтрымкай. Апрацаваныя вэрсіі зьнятых бандамі відэа-кліпаў нават трансьляваліся па мясцовым тэлебачаньні.

Як вынікае з назвы — «Оккупай-педофиляй» — рух пачаўся як рух супраць пэдафілаў некалькі месяцаў таму. Яго ўдзельнікі заваблівалі меркаваных або патэнцыйных сэксуальных злачынцаў у онлайне, а затым здымалі і ганьбілі іх. Але групоўкі з таго часу пашырылі сфэру сваёй дзейнасьці і цяпер арыентаваныя на маладых гомасэксуалістаў. Члены кажуць, што ня бачаць маральнай розьніцы паміж гомасэксуалізмам і пэдафіліяй.

Рух «Оккупай-педофиляй» быў заснаваны Максімам Марцінкевічам, расейскім ультранацыяналістам, які нядаўна адбыў тры гады турэмнага зьняволеньня за распальваньне міжнацыянальнай варожасьці.

У інтэрвію сайту Life News Марцінкевіч гэтак патлумачыў свае мэты:

«Я спадзяюся, што гэтыя зламаныя жыцьці — а ў іх рэальна зламаныя жыцьці — пакажуць маладым пакаленьням, як ня трэба рабіць».

Але марцінкевіцкі рух сутыкнуўся зь нечаканым супрацівам — як на лякальным, так і на міжнародным узроўні.

Валянцін Дзегцяроў, 43-гадовы настаўнік і былы вайсковы мэдык. Жыхар Ніжняга Тагілу, які знаходзіцца за 235 кілямэтраў на поўнач ад Каменск-Уральскага, убачыў адзін зь відэа-ролікаў і пазнаёміўся зь дзейнасьцю групоўкі. У інтэрвію нашаму радыё ён сказаў, што ўбачанае моцна яго ўзрушыла:

«Гэта самыя агідныя злачынцы на ўсёй тэрыторыі Расейскай Фэдэрацыі — яны самыя жорсткія і бескантрольныя бандыты, зь якімі я сутыкнуўся».

Дзегцяроў, сам гетэрасэксуал, паведаміў, што ён паслаў 70 зваротаў у розныя мясцовыя, рэгіянальныя і фэдэральныя органы — у тым ліку мясцовай паліцыі, у офіс губэрнатара, у Дзяржаўную Думу і ў МУС, — але ніхто зрабіў ніякіх захадаў.

Дзегцяроў таксама накіраваў інфармацыю аб дзеяньнях груповак «Оккупай-педофиляй», уключна з фотаздымкамі і відэа, у вашынгтонскую праваабарончую арганізацыю Spectrum Human Rights. Графічныя выявы, якія былі разьмешчаны на папулярным сайце buzzfeed.com і ў іншых месцах, сталі вельмі вядомымі ў Злучаных Штатах.

Амэрыканскі пісьменьнік Дэн Сэвідж, заснавальнік знакамітай кампаніі «It Gets Better», якая змагаецца супраць зьдзекаў з геяў-падлеткаў, заклікаў да байкоту расейскай гарэлкі. Іншыя актывісты прапануюць байкот зімовых Алімпійскіх гульняў 2014 у Сочы. Пратэст таксама адбыўся каля расейскай амбасады ў Вашынгтоне.

У вынікі сваёй актыўнасьці Валянцін Дзегцяроў сам стаў аб’ектам нападак з боку членаў «Оккупай-педофиляй». Яны рабілі яму тэлефонныя званкі з пагрозамі, перасьледавалі яго 72-гадовую маці і ўстанавілі грашовую ўзнагароду тым, хто яго паб’е.