Інфарматара Wikileaks Брэдлі Мэнінга апраўдалі па галоўным пункце абвіначваньня

Шарагоўца Брэдлі Мэнінга канваіруюць на суд

Шараговец Брэдлі Мэнінг, які перадаў засакрэчаную інфармацыю сайту Wikileaks, прызнаны ў аўторак невінаватым па самых сур’ёзных пунктах абвінавачваньняў: у дапамозе ворагу. Ён быў асуджаны за шпіянаж, крадзеж, кампутарнае махлярства, па дзевятнаццаці пунктах абвінавачваньняў.

Будучы аналітыкам выведвальнага аддзелу амэрыканскага войска, ён перадаў Wikileaks больш за семсот тысяч старонак дакумэнтаў, сярод якіх справаздачы аб баявых дзеяньнях амерыканскіх войскаў у Аўганістане і Іраку і дыпляматычныя дэпэшы.

Гэтае рашэньне вайсковага судзьдзі Дэніс Лінд азначае, што Мэнінг пазьбегне пажыцьцёвага зьняволеньня. Верхняя мяжа пакараньня за злачынства, у зьдзяйсьненьні якіх Мэнінг прызнаны вінаватым, — 128 гадоў. Слуханьні па пытаньні меры пакараньня асуджанаму пачнуцца ў сераду.

Вэрдыкт ваеннага трыбуналу разглядаецца як параза пракуратуры, якая давяла справу да суда, спадзеючыся даказаць, што перадача сакрэтаў інтэрнэтным рэсурсам зьяўляецца ваенным злачынствам, нягледзячы на тое, што Мэнінг прызнаў сваю віну ў разгалошванні сакрэтнай інфармацыі.