Маскоўская паліцыя правяла аблавы на рынках: паўтысячы затрымана (відэа)

Your browser doesn’t support HTML5

Паліцыя ў Расеі затрымала каля паўтысячы чалавек у аблавах на рынках Масквы

Міністэрства ўнутраных спраў Расеі паведаміла сёньня, што падчас «прафіляктычнай апэрацыі» на рынках Масквы затрыманыя ўжо больш за 470 чалавек, а апэрацыя, якая пачалася ўчора, працягваецца.
У адпаведнасьці з паведамленьнем, затрыманых правяраюць на магчымае дачыненьне да злачынстваў і правапарушэньняў.

Нагодай для акцыі сталі падзеі канца мінулага тыдня на адным з маскоўскіх рынкаў, дзе людзі зьбілі супрацоўніка паліцыі, які, паводле афіцыйнай вэрсіі, у той час затрымліваў падазраванага гвалтаўніка 15-гадовай дзяўчыны.

Паліцыянта шпіталізавалі зь цяжкай чэрапна-мазгавой траўмай, падазраванага ў нападзе затрымалі пры спробе выехаць з Масквы.

На рынках Масквы працуе шмат людзей з сярэднеазіяцкіх і каўказкіх дзяржаваў, былых савецкіх рэспублік, а таксама выхадцаў з Паўночнага Каўказу ў самой Расеі, што выклікае незадаволенасьць расейскіх нацыяналістаў